Дзмітрый Дубкоў прыгавораны да сямі гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму



Суд Савецкага раёна Менска прыгаварыў 30-гадовага вадзіцеля грузавога аўтамабіля Дзмітрыя Дубкова да сямі гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Менавіта такое пакаранне і прасіла для яго пракурор Анастасія Маліка, паведамляе праваабарончы сайт spring96.org.

Дубкоў прызнаны вінаватым згодна з ч. 3 арт. 214 (выкраданне транспартнага сродку з прымяненнем або пагрозай прымянення гвалту, небяспечнага для жыцця або здароўя) і ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса (удзел у масавых беспарадках).

Іск на амаль 22 тысячы рублёў вылучаны ў грамадзянскую вытворчасць. Таксама суд пастанавіў спагнаць з Дубкова пошліну ў 890 рублёў.

Справу разглядала суддзя Алена Жуковіч. Пацярпелыя — кіроўцы тралейбуснага парка № 4 Віктар Навадворскі, Андрэй Аўтушка, слесар-электрык тралейбуснага парка № 4 Сяргей Лізгірда.

Дубкоў знаходзіцца пад вартай з 15 жніўня. У ноч на 11 жніўня ён прысутнічаў на акцыі пратэсту каля станцыі метро „Пушкінская” у Менску. Яго папрасілі перагарадзіць дарогу машынай, што ён і зрабіў.

Паводле абвінавачання, Дубкоў па папярэдняй змове з нявызначанымі асобамі пранік у кабіну МАЗа, завалодаў транспартным сродкам і запусціў рухавік без мэты крадзяжу. Пры гэтым ён пагражаў гвалтам прадметам, падобным да пісталета. Ён парушыў забарону выходзіць на праезную частку падчас мірных сходаў, а таксама ўздзейнічаць на супрацоўнікаў органаў унутраных спраў.

У апошнім слове Дубкоў заявіў, што абвінавачванне паводле артыкула 214 успрымае як абразу. „Я прафесійны кіроўца, мне вядома, што такое гвалт і агрэсія за рулём, таму здзейсніць падобнае значыла б для мяне здрадзіць самому сабе, — адзначыў ён. — Ці хацеў я завалодаць транспартам? Не, мяне не было ў момант здзяйснення злачынства. Гэта справа выпадку і адпавядае арт. 26 КК аб невінаватым прычыненні шкоды. Я не адмаўляю, што перагнаў аўтамабіль, але відэазапіс паказвае, што кіраўніка ў гэтай групы не было. А згодна з арт. 16 аб саўдзеле, выкарыстанне асобы, якая не здагадваецца пра яе ўдзел, прыводзіць да адказнасці таго, хто кіруе ёй. Я ўзяў ключы ў чалавека, перагнаў аўтамабіль па яго просьбе і вярнуў яго ключы. Хто быў у тую ноч з пісталетам і яго меркаванне, мяне мала цікавіла, як і прапанова ўехаць у АМАП. Я адмовіўся ад здзяйснення злачынства”.

Наконт абвінавачвання паводле арт. 293 Дубкоў сказаў, што масавых беспарадкаў не было зусім. „Беспарадкі — гэта хаатычнае раскідванне гранат, а тое, што мне ставяцца ў віну бурыя плямы на асфальце… Такім чынам можна абвінаваціць мяне ва ўсім. Два грамадзяніны могуць разбіць твары адзін аднаму — і мяне можна абвінаваціць у гэтым?” — сказаў кіроўца.

На яго думку, перастаўлены з пункта А ў пункт Б аўтамабіль ствараў бы перашкоды і, згодна з ч. 4 арт. 11 КК, гэта нязначнае дзеянне, якое не прычыніла істотнай шкоды інтарэсам, якія ахоўваюцца. „Усё, што я зрабіў, — гэта правапарушэнні паводле арт. 23.34 і 18.1 КоАП”, — заявіў Дубкоў.

Беларускія праваабаронцы прызналі яго палітвязнем.

belapan.by