Дзмітрый Галко працягне абскарджваць прысуд



Журналіст Дзмітрый Галко паведаміў БелаПАН, што працягне абскарджваць свой абвінаваўчы прысуд.

9 кастрычніка Менскі гарадскі суд пакінуў у сіле прыгавор суда Савецкага раёна сталіцы ў дачыненні да Галко. 17 ліпеня журналіст быў прызнаны вінаватым у гвалце ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі (арт. 364 КК) і прыгавораны да чатырох гадоў абмежавання волі ва ўстанове адкрытага тыпу. Суд таксама пастанавіў спагнаць з Галко 850 рублёў кампенсацыі маральнага і матэрыяльнага ўрону на карысць участковага інспектара міліцыі Юрыя Чыркова, які праходзіў па справе ў якасці пацярпелага.

Сёння рашэннем Менгарсуда былі змененыя толькі судовыя выдаткі — з 18 рублёў 18 капеек на 18 капеек.

„Далей буду дзейнічаць па стандартнай працэдуры: спачатку падаваць наглядную скаргу старшыні Менгарсуда, далей — у Вярхоўны суд”, — сказаў Галко. У той жа час ён выказаў сумнеў, што прысуд яму можа быць зменены. Планаў з’язджаць куды-небудзь з Беларусі ў журналіста няма. „Я ж з’язджаў, але вярнуўся. Мяняць месца жыхарства пакуль не планую”, — сказаў ён. Інцыдэнт з Дзмітрыем Галко адбыўся 25 лістапада 2017 года, калі яго сын святкаваў з сябрамі дзень нараджэння ў менскай кватэры. На шум прыбылі супрацоўнікі міліцыі, Галко не пускаў іх у кватэру. Завязалася бойка. Паводле версіі абвінавачання, Галко нанёс не менш за два ўдары ў галаву ўчастковаму міліцыянеру капітану Юрыю Чыркову, разбіў яму тэлефон, а таксама парваў куртку ўчастковаму міліцыянеру лейтэнанту Вадзіму Казаноўскаму. Двое маладых людзей, якія прыйшлі на дзень нараджэння, атрымалі траўмы, уцякаючы ад праваахоўнікаў праз балкон. Журналіста, яго сына і яшчэ некалькіх падлеткаў даставілі ў аддзяленне міліцыі. Высветлілася, што некаторыя маладыя людзі былі ў нецвярозым стане. На наступны дзень падлеткаў адпусцілі, а Галко-старэйшага даставілі ў Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў. 27 лістапада яго асудзілі за дробнае хуліганства і аштрафавалі. У снежні ў дачыненні да Галко была распачатая крымінальная справа. Неўзабаве разам з сынам ён з’ехаў ва Украіну, але потым вярнуўся і быў затрыманы на мяжы. Галко сваёй віны не прызнаў. Паводле яго слоў, міліцыянеры праніклі ў кватэру і знаходзіліся ў ёй незаконна, а іх паказанні па справе супярэчлівыя. 38-гадовы журналіст знаходзіўся пад вартай з 21 красавіка па 17 ліпеня. 

Дзмітрый Галко працаваў журналістам у беларускіх і ўкраінскіх выданнях. Крытыкаваў беларускую ўладу, асвятляў канфлікт ва Украіне. Лаўрэат розных прафесійных прэмій. Міжнародныя арганізацыі „Камітэт абароны журналістаў” і „Рэпарцёры без межаў” патрабавалі вызвалення Галко, лічачы яго ахвярай пераследу па прычыне помсты.