Дзмітрый Ус: Бізнеса ў мяне ўжо практычна няма…



Экс-кандыдат у прэзідэнты Дзмітрый Ус распавёў, чым ён зараз займаецца, і чаму больш не збіраецца ўдзельнічаць у выбарах.

Нагадаем, Дзмітрый Ус быў кандыдатам у прэзідэнты на прэзідэнцкіх выбарах у снежні 2010 г. Яго затрымалі ў Менску ў ноч з 19 на 20 снежня пасля масавай акцыі пратэсту, а 26 мая 2011 году суд прызнаў Уса вінаватым у арганізацыі масавых беспарадкаў. Экс-кандыдат у прэзідэнты быў асуджаны на пяць з паловай гадоў зняволення, але ў кастрычніку выйшаў на волю разам з іншымі палітвязнямі.

РР: Хутка распачнецца кампанія па выбарах у мясцовыя Саветы. Сочыце за палітычным жыццём краіны?

Дзмітрый Ус: Калі казаць пра выбары, то мне гэта ўжо не цікава. У нас не выбіраюць, а прызначаюць, а каго можа цікавіць гульня ў адны вароты? Вось калі б сапраўды народ меў права голаса і ведаў, што яго галасы будуць падлічаны празрыста, то была б зусім іншая справа. У нас за апошнія гады інстытут выбараў настолькі дыскрэдытаваў сябе, што сітуацыя становіцца зразумелай нават бабулькам у вёсках. А мне за тое, што я агучваў гэтую пазіцыю, яшчэ і пяць з паловай гадоў турмы далі. Я ж яшчэ ў 2010 годзе казаў, што патрэбны незалежныя ўчастковыя камісіі, патрабаваў зменаў ў Выбарчым законе…

РР: Больш удзельнічаць у выбарчых кампаніях не будзеце?

Дзмітрый Ус: Як можна ўдзельнічаць у тым, чаго няма? Выбары патрэбны толькі для ўлады, а ўсе астатнія тут выконваюць другасныя ролі, якія той самай уладай і распісаны. 

РР: А чым вы зараз займаецеся?

Дзмітрый Ус: Жыву за горадам спакойным жыццём — курэй вырошчваю, бульбу. Адным словам, займаюся гаспадаркай.

РР: А як жа ваш бізнес?

Дзмітрый Ус: Бізнеса ў мяне ўжо практычна няма. Эканамічная сітуацыя ў краіне пагоршылася, таму прыбытак мінімальны. Яку кажуць, хапае толькі на падтрыманне штаноў.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя