Дзяды на Балахоўскіх могілках



Беларусы і палякі на Дзяды ўшанавалі памяць палеглых жаўнераў на воінскім пахаванні, што ў мікрараёне Рэчыца ў Берасці.

Першыя – прыйшлі аддаць даніну павагі, у тым ліку пахаваным на могілках жаўнерам групы генерала Станіслава Булак-Балаховіча, які ваяваў на баку Беларускай Народнай Рэспублікі. Кажа натхняльнік мерапрыемства Яўген Скрабутан:

Мы адзначаем Дзяды. На жаль, у гэтым годзе не атрымалася паехаць у Свіслач на штогадовы фэст, прысвечаны паўстанцам Каліноўскага. І таму мы прыйшлі да палеглых і пахаваных тут байцоў атрада генерала Булак-Балаховіча. Для мяне і маіх сяброў гэта вельмі добры прыклад таго, як людзі могуць аб’яднацца са змаганнем з усенародным злом, бо у Булак-Балаховіча ў войску, як вядома, ваявалі і расейцы, і палякі, і беларусы, і ўкраінцы.

Акрамя беларусаў, у той самы час да могілак пад’ехаў аўтамабіль і з польскімі нумарамі. Адтуль выйшаў чалавек сталага ўзросту з лампадкамі ў руках, які прадставіўся Антоніем з Белай Падляшскай. Ён не першы год прыязджае на Дзяды на гэтыя могілкі, бо ў сувязі з працай мае магчымасць бываць у Берасці:

Здзівіўся, што вас тут бачу, а з консульства нікога няма. Маю надзею, што ўлады прыгледзяцца і будуць больш пільнаваць, каб гэтая памяць пра палякаў не знікла. І, вядома, не бачу тут прычын, каб не прыязджала моладзь, асабліва школьнікі з Польшчы.

Пазней да мерапрыемства далучылася яшчэ некалькі беларусаў, якія агулам запалілі каля 50 лампадак, па адной на кожнае пахаванне. Вакол могілак раней была агароджа, якой зараз няма. Жыхары наваколля, якія міналі могілкі, не ведаюць, з якой нагоды яна знікла, і спадзяюцца, што гэта ў сувязі з заменай на новую.

Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце

Фота аўтара