Дзяды ў Гародні (абноўлена)



Дзяды ў Гародні адзначалі людзі на розных пляцоўках і ў розны час. З раніцы на могілках „Сакрэт”, што на праспекце Касманаўтаў, прайшла памінальная малітва, якую ладзілі святары катэдры Святога Францішка Ксаверыя. З абеда гарадзенскія нацыянальныя дзеячы прыйшлі туды пакланіцца магілам беларускіх патрыётаў.

Ля магілы Апанаса Цыхуна, вядомага педагога, паэта і збіральніка гарадзенскага дыялекту выступіў з ягоным вершам сябра ТБМ Іван Буднік.

– Апанас Пятровіч Цыхун шмат жыцця аддаў вывучэнню асаблівасці гаворкі Гарадзеншчыны. І напісаў добрую кніжку. Я яму пісаў: “Цыхун збіраў скарбы народнае мовы, як пчолы нястомна збірюць няктар. Нашчадкам прынёс Усявышняга дар. Цыхун збіраў скарбы народнае мовы”.

Паказальнай зменай на могілках стала тое, што ўсё часцей пачалі ўсталёўвацца надмагіллі па-беларуску. Гэта сведчыць пра рост самасвядомасці дзяцей тых беларусаў, якія рамантуюць і аднаўляюць старыя пахаванні. Сваімі ўражаннямі падзяліўся Эдвард Дмухоўскі, гісторык.

– Традыцыйна на Дзяды мы прыходзім на гэтыя могілкі. Прыходзім да сваіх сяброў, калегаў. І прыходзім да тых, хто змагаўся за гэтую Беларусь словам і справай, сваім жыццём. І тут хочацца ўзгадаць тых, каго ведалі асабіста. Спадар Міхальчык – адзін з кіраўнікоў БНФ у Гародні, Дзіма Кісель – наш сябра.

Агулам сябры гарадзенскіх дэмакратычных і нацыянальных арганізацыяў наведалі каля двух дзясяткаў магілаў беларусаў, паставіўшы зьнічкі і ўсклаўшы кветкі. Апрача могілкаў „Сакрэт” яшчэ адна група гарадзенскіх беларускіх нацыянальных актывістаў наведала старыя праваслаўныя і каталіцкія могілкі на вуліцы Антонава, дзе таксама аддала даніну памяці нашым папярэднікам. На гэтых могілках гарадзенцы ўшанавалі Марыю Мякоту (маці Максіма Багдановіча), Міхася Васілька, Міхася Багуна, Францішка Грынкевіча, Элізу Ажэшку, Яна Каханоўскага ды іншых.

 

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота аўтара