Дзяніс Івашын: Ідзе знішчэнне ўсяго беларускага



100 дзён пратэсту ў Беларусі, на думку рэдактара беларускай службы „ІнформНапалм” Дзяніса Івашына, падштурхнулі да знішчэння беларускага ў краіне.

Кажа Дзяніс Івашын:

– Гэты перыяд увогуле стаўся каталізацыяй працэсаў, якія скіраваныя на знішчэнне ўсяго беларускага, на знішчэнне беларускай нацыянальнай дзяржавы, беларускіх нацыянальных каштоўнасцяў. Таксама скіраваны, каб у тым ліку знішчыць і паспрыяць паслабленню беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці. Мы выразна бачым, што за гэтыя больш за тры месяцы, а калі шчыра, трэба гаворку весці пачынаючы з 1994-95 гадоў, калі пачаў сваё панаванне рэжым Лукашэнкі, планамерна пачалося знішчэнне ўсяго беларускага.

У апошніх падзеях, на думку Дзяніса Івашына, можна пабачыць прыклады генацыду:

– Калі яны ўбачылі, што шырокія народныя масы прынялі душой і сэрцам гэтыя нашы сімвалы, прынялі беларускія нацыянальныя каштоўнасці і спрыяюць павелічэнню і пашырэнню нашай беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці, вядома ж, яны пачалі вельмі актыўна гэтаму супрацьдзейнічаць. І тое, што мы зараз бачым, ужо мае пэўныя адзнакі генацыду беларускага народу.

Дзяніс Івашын упэўнены, што адміністрацыйныя і крымінальныя справы, якія ў вялікай колькасці “выпісваюцца” судамі, не зломяць жыхароў Беларусі.

Беларускае Радыё Рацыя