Дзяніс Івашын: У лічбы міністэрства не веру



Гарадзенскі журналіст, кіраўнік беларускай службы „Інфармнапалм” Дзяніс Івашын не верыць у лічбы захварэўшых каронавірусам, якія падае беларускае Міністэрства аховы здароўя.

На яго думку, гэтыя лічбы могуць быць сфальшаванымі:

– Не можа быць ва ўмовах аўтарытарнай, дыктатарскай дзяржавы даверу да любых афіцыйных дадзеных. Асабліва, калі за чвэрць стагоддзя ўжо сфармаваная сістэма масавых фальсіфікацый. Не важна, што яны фальсіфікуюць, ці то выбарчыя галасы – вынікі выбараў, ці то сітуацыю з каронавірусам, ці то нейкія там дадзеныя ў кантэксце Белстату.

На думку журналіста, лічбы, якія падае Міністэрства аховы здароўя – неадпаведна малыя:

– Гэта назіраецца перадусім у штучна змадэляваных сістэмах . Гэтага няма нідзе ў нашых суседніх краінах, бо гэта немагчыма ў прынцыпе ні тэарэтычна, ні практычна. Гэта сведчыць, што Міністэрства аховы здароўя праз нейкія чыннікі, мажліва гэта звязана з фінансавым фактарам, мажліва праз тое, што да нас у Беларусь прыязджала Сусветная арганізацыя аховы здароўя, надае гэты адназначны аднолькавы прырост.

Журналіст таксама здзіўлены апошнімі лічбамі, якія былі пададзены 9-га красавіка. На яго думку, на гэтым этапе ў ніводнай краіне такога прыросту не было і няма.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня