Дзяніс Івашын: Збіраем цёплую вопратку для ўкраінцаў



Валанцёрты гуманітарнага маршрута „Беларусь-АТО” з Гародні працягваюць збор рэчаў для дзяцей перасяленцаў з зоны баявых дзеянняў. Каардынатар гарадзенскіх валанцёраў Дзяніс Івашын лічыць, што ў першую чаргу патрэбныя цёплыя рэчы, каб не змерзнуць узімку.

– Менавіта зараз, у зімку, мы ладзім збор цёплага адзення. Збіраем розныя рэчы, розных памераў – і для дзяцей, і для дарослых. Гэта перадусім цёплыя курткі, цёплы абутак. Усе гэтыя рэчы мы збіраем і адпраўляем з Гародні ў Менск, потым маршрут ідзе ў Гомель, і з Гомеля мы перадаем валанцёрам непасрэдна на ўкраінскай тэрыторыі ў Чарнігаве.

За два гады існавання гуманітарнага маршрута „Беларусь-АТО” яго валанцёры сабралі і перадалі ва Украіну больш за 10 тон розных грузаў з Гародні, Берасця, Менску ды Гомеля. А перад Новым годам і Калядамі валанцёры перадалі больш за 200 кілаграмаў святочных падарункаў.

Беларускае Радыё Рацыя