Дзяніс Рудзевіч: Канал “Ліда для жыцця” будзе працаваць нягледзячы на маё затрыманне



Адміністратар канала “Ліда для жыцця” Дзяніс Рудзевіч быў адзіным затрыманым у Гародні падчас акцый у падтрымку палітзняволеных.

Дзяніс лічыць сваё затрыманне “выкраданнем сярод белага дня”.

– Падыходзячы да пешаходнага пераходу і да самой вуліцы Савецкай, да мяне падбегла пяць або шэсць чалавек. Схапілі за рукі за ногі і закінулі ў бус. Недзе ездзілі па горадзе, сам я не мясцовы, таму не ведаю дзе, у выніку я праз вакно пабачыў нейкі аддзел РАУС. Калі яны мяне прывезлі туды, яны з паўтары гадзіны не ведалі, што напісаць. Два ці тры пратаколы складалі, але я іх не падпісваў. Што там было напісана, я не ведаю. Я толькі распісаўся ў пратаколе вобшуку і выманні маіх асабістых рэчаў.

Па словах Дзяніса, на яго міліцыянты склалі пратакол па артыкуле 22.9 – праца на неакрэдытаваныя СМІ. Аднак маладзён кажа, што ні на ніякае СМІ ён не працаваў.

– Супрацоўнік з тэлефона зачытаў мой артыкул. Я даведаўся, што гэта 22.9 частка 2. Нібыта мяне абвінавачваюць у тым, што я рэпарцёр без акрэдытацыі. Нагадаю яшчэ раз: я здымаў для нашага ютуб-канала “Ліда для жыцця”, а не для нейкіх СМІ.

Пры затрыманні ў Дзяніса міліцыянты пашкодзілі тэлефон, а ужо ў аддзеле міліцыі была канфіскавана камера і іншыя тэхнічныя прылады для вядзення стрыму.  

Беларускае Радыё Рацыя

Фота Сяргея Апановіча