Дзяніс Садоўскі аштрафаваны амаль на тысячу долараў



Суд Цэнтральнага раёна Менска 27 сакавіка аштрафаваў адказнага сакратара аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Дзяніса Садоўскага на 80 базавых велічынь (1.840 рублёў), паведаміла актывістка аргкамітэта Вольга Кавалькова.

Палітык быў прызнаны вінаватым па арт. 17.1 (дробнае хуліганства) і 23.4 (непадпарадкаванне законным патрабаванням службовай асобы) КоАП і аштрафаваны адпаведна на 30 і 50 базавых велічынь.

Садоўскі быў затрыманы 25 сакавіка ў 13.35 каля Дома прэсы. Не патрапіўшы да будынка прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук, ён з іншымі актывістамі збіраўся пайсці на плошчу Якуба Коласа, але пад’ехаў мікрааўтобус, з якога выйшлі чатыры чалавекі ў цывільным. Яны выставілі Садоўскаму абвінавачанне па нейкай адміністрацыйнай справе і павезлі з сабой.

Як паведаміў Садоўскі, у Цэнтральным РУУС ён і іншыя затрыманыя стаялі на „расцяжцы” больш за шэсць гадзін, з іх чатыры гадзіны пад снегам і дажджом з закручанымі рукамі. „Такога стаўлення да затрыманых я яшчэ не бачыў”, — сказаў ён.

У судзе выступалі сведкамі супрацоўнікі міліцыі. Яны заявілі, што Садоўскі быў у камуфляжы, лаяўся матам і кідаўся на зямлю. На відэа затрымання выразна відаць, што ні першага, ні другога правапарушэння Садоўскі не здзяйсняў, на зямлю не кідаўся і быў апрануты зусім не так, як сведчылі міліцыянты. Аднак суддзя адхіліў хадайніцтва аб праглядзе відэа.

Садоўскі з’яўляўся адным з заяўнікаў акцыі з нагоды Дня Волі, аднак адклікаў заяўку ў сувязі з адсутнасцю адказу Мінгарвыканкама на яе ва ўстаноўленыя законам тэрміны.

БелаПАН