Дзяніс Садоўскі: Новы маршрут – кампрамісны варыянт



Адказны сакратар БХД Дзяніс Садоўскі патлумачыў, чаму ў гэтым годзе заяўнікі абралі новы маршрут правядзення “Чарнобыльскага шляха”.

Нагадаем, заяўнікі прапанавалі збор 26 красавіка а 18.30 каля Тэатру оперы і балету, у 19.00 – шэсце па вуліцы Максіма Багдановіча да Чарнобыльскай капліцы, што на скрыжаванні Арлоўскай і Карастаянавай. Каля Чарнобыльскай капліцы а 20-й гадзіне плануецца ўскладанне кветак і запальванне знічоў.

Пад заяўкай паставілі подпісы прадстаўнікі Партыі БНФ, аргкамітэту партыі «БХД», кампаніі «Гавары праўду», руху «За свабоду» і партыі «Зялёныя».

Дзяніс Садоўскі: Было некалькі акалічнасцей таго, што абраны новы маршрут. Ужо некалькі год арганізатарам ставяць у віну, што яны ходзяць адным і тым жа шляхам. Таму разглядаліся розныя варыянты, але пры ўсім гэтым, безумоўна, улічвалася тое, што адбылося 25 сакавіка. Падаваць заяўку на правядзенне акцыі ў цэнтры Менска і разлічваць, што яе дазволяць, не выпадае. А праводзіць несанкцыянаванае мерапрыемства таксама не хочацца, бо ўсе мы ведаем, як жорстка абыходзіліся з людзьмі на Дзень волі. Таму лепш, калі заяўка будзе такая, якую ўлады могуць задаволіць. І гэты маршрут, як мне падаецца, – кампрамісны варыянт. З аднага боку – ён новы, а з іншага – не ў цэнтры горада. Спадзяюся, ва  ўладаў хопіць і смеласці, і розуму, каб даць дазвол на правядзенне “Чарнобыльскага шляху”, каб акцыя прайшла мірна. У гэтым плане арганізатары бяруць на сябе ўсю адказнасць і гарантуюць бяспеку.

РР: Напярэдадні Дня волі Менгарвыканкам даў адказ заяўнікам за паўсутак да правядзення акцыі, хаця па законе павінен быў адказаць за 5 дзён. Пры гэтым генпракурор заявіў пазней, што пракуратура не будзе праводзіць праверку па дадзеным факце, бо тут, маўляў, няма ніякага парушэння закона. Уладам зараз законы не пісаны?

Дзяніс Садоўскі: Мы яшчэ 21 сакавіка напісалі скаргі на Менгарвыканкам, што той парушыў закон “Аб масавых мерапрыемствах”. Прыйшоў адказ – усё ў межах заканадаўства. Але мы гэта так не пакінем і плануем падаваць у суд. Тут жа відавочнае парушэнне, а табе плююць у твар людзі, якія і павінны выконваць закон і кантраляваць яго выкананне. Хаця тут любы школьнік разбярэцца ў сітуацыі, бо калі закон патрабуе даць адказ за 5 дзён, то значыцца нават за чатыры – ужо парушэнне. Але, відаць, гэтая краіна і гэтыя чыноўнікі жывуць па сваіх законах.

РР: Партыі БНФ і АГП вынесены папярэджанні Мінюстам за тое, што тыя заклікалі на несанкцыянаваную акцыю па святкаванні Дня волі.

Дзяніс Садоўскі: Адказнасць за тое, што адбылося 25 сакавіка, перш за ўсё не на Партыі БНФ альбо Аб’яднанай грамадзянскай партыі, а на ўладзе, якая парушыла заканадаўства і не дала арганізатарам права выканаць іх функцыі – праінфармаць насельніцтва хаця б за 5 дзён да пачатку акцыі. Таму ўсе гэтыя папярэджанні ў бок зарэгістраваных партый – гэта ў звязцы з усім тым беззаконнем, што ўжо бачылі. А партыі вырашылі проста папалохаць. Што датычыцца “Чарнобыльскага шляху”, то мы праінфармавалі, што пададзена заяўка і няма аніякіх падстаў пра гэта не казаць.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя