Дзяніс Урбановіч аштрафаваны на 40 базавых велічынь



Дзяніс Урбановіч, лідар „Маладога фронту” (арганізацыя не зарэгістраваная ў Беларусі), аштрафаваны на 40 базавых велічынь (980 рублёў) за ўдзел у акцыі „Ноч расстраляных паэтаў”, якая адбылася 29 кастрычніка ў Курапатах.

Рашэнне аб накладанні адміністрацыйнага спагнання прыняў 18 снежня суддзя суда Лагойскага раёна. Актывіст на судзе не прысутнічаў, пра штраф ён даведаўся з пастановы, якая прыйшла па пошце. Яе фота ён размясціў на сваёй старонцы ў „Фэйсбуку”.

У дакуменце адзначаецца, што Урбановіч парушыў закон „Аб масавых мерапрыемствах”, што выявілася „ў прыняцці ім актыўнага ўдзелу ў складзе групы грамадзян у пікетаванні без адпаведнага дазволу Мінскага раённага выканаўчага камітэта з мэтай публічнага выказвання сваiх адносiнаў да функцыянавання рэстарана „Паедзем паядзім” і палітычных рэпрэсій 1930—1940 гадоў, дзе дэманстратыўна ажыццяўляў нанясенне ўдараў у звон”.

29 кастрычніка ў Курапатах прайшла акцыя „Ноч расстраляных паэтаў” з удзелам прыкладна 70 чалавек. Акцыя адбылася ў заходняй частцы ўрочышча, а не на цэнтральным узгорку (так званай Галгофе), дзе вяліся падрыхтоўчыя работы да ўстаноўцы мемарыяла. У падземным пераходзе ля выхаду ў бок Курапатаў была ўсталяваная імправізаваная сцэна, на якой чыталі вершы рэпрэсаваных паэтаў.

belapan.by