Дзяніса Івашына кінулі ў карцар



Сваякам гарадзенскага журналіста Дзяніса Івашына стала вядома, што яго перавялі ў карцар.

Паводле іх звестак, там ён прабудзе 5 сутак, пасля чаго палітвязня з невядомай прычыны змесцяць на 5-дзённы каранцін. Такім чынам, журналіст 10 дзён будзе ў поўнай ізаляцыі і не зможа атрымліваць перадачы з волі.

Дзяніса Івашына затрымалі супрацоўнікі КДБ 12 сакавіка і выставілі абвінавачанне паводле 365 крымінальнага артыкула (умяшанне ў дзейнасць супрацоўнікаў органаў унутраных спраў).

Санкцыя прадугледжвае да 3 гадоў пазбаўлення волі. Праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем. Журналіста трымаюць у турме № 1 Гародні.