Дзярэчын сумуе па лётчыку-земляку, які загінуў у авіякатастрофе



Жыхары вёскі Дзярэчын Зэльвенскага раёна горка сумуюць па сваім маладым земляку Максіму Карпуку, які загінуў у авіякатастрофе.

У складзе экіпажа самалёта АН-12 беларускай авіякампаніі “Гродна”, які ляцеў з Якуцка ў Іркуцк (Расея) і пацярпеў крушэнне, было трое беларусаў: штурман Андрэй Сяргееў, інжынеры Дзмітрый Гармоненка і Максім Карпук.

Максім Карпук з’яўляўся самым маладым лётчыкам экіпажа, яму было толькі 26 гадоў. Ён нават не паспеў стварыць сям’ю. Максім скончыў Дзярэчынскую сярэднюю школу, Менскі вышэйшы авіяцыйны каледж і Беларускую дзяржаўную акадэмію авіяцыі.

Аднакласнікі, сябры, настаўнікі і ўсе родныя людзі Максіма Карпука вельмі ўзрушаныя такой трагедыяй. Максім з’яўляўся выдатным хлопцам, сябрам і вучнем школы. Гэта быў яго першы палёт, які аказаўся апошнім.

Кіраўнік дэпартамента па авіяцыі Міністэрства транспарту Беларусі Арцём Сікорскі паведаміў, што целы загінулых у авіякатастрофе ў Расеі беларусаў пакуль яшчэ не ідэнтыфікаваныя. Як толькі гэта будзе зроблена, целы загінуўшых беларусаў будуць дастаўлены па тых кірунках, куды папросяць сваякі. Максіма Карпука пахаваюць у Дзярэчыне.

Беларускае Радыё Рацыя