Дзяржава будзе ўтрымліваць адзінокіх састарэлых у абмен на іх кватэры



Пастановай Савета міністраў ад 2017.02.09 №112 зацверджана Палажэнне аб парадку і ўмовах аказання сацыяльных паслуг на падставе дагавораў пажыццёвага ўтрымання за кошт сродкаў мясцовых бюджэтаў.

Мясцовым выканаўчым і распарадчым органам рэкамендавана прымаць рашэнні аб заключэнні дагавораў пажыццёвага ўтрымання за кошт сродкаў мясцовых бюджэтаў з пажылымі грамадзянамі, ва ўласнасці якіх знаходзіцца жылое памяшканне, якiя дасягнулi 70-гадовага ўзросту і не маюць фізічных асоб, абавязаных па закону іх утрымліваць. Падобны дагавор прадугледжвае: забеспячэнне ўтрымання; аказанне грамадзянам сацыяльных паслуг дзяржаўнымі ўстановамі сацыяльнага абслугоўвання без збірання платы; перадачу грамадзянамі наяўнага ва ўласнасці жылога памяшкання адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінцы.

Таксама рэкамендавана абласным і Менскаму гарадскому Саветам дэпутатаў пры фарміраванні мясцовых бюджэтаў на чарговы фінансавы год прадугледжваць выдзяленне сродкаў для забеспячэння рэалізацыі пастановы.