Дзятлаўчане сабралі 160 подпісаў за ўшанаванне свайго земляка



Жыхары Дзятлава сабралі 160 подпісаў за ўшанаванне свайго земляка Пятра Гроса. Па словах мясцовага грамадскага актывіста Валерыя Петрыкевіча, подпісы перададзены ў Дзятлаўскія райвыканкам, райсавет і ў камунгас.

“Мы прапануем, каб вуліцу Будаўнікоў перайменаваць у вуліцу нашага земляка, будаўніка па прафесіі Пятра Гроса. Пятра Гроса не стала раптоўна летась летам. Яму было толькі 59 гадоў. Пётр Грос нарадзіўся і вырас у Дзятлаве, тут скончыў школу і стварыў сям’ю. Сюды, пасля набыцця прафесіі будаўніка, ён прыехаў працаваць у мясцовую МПМК-147. Майстар, прараб, галоўны інжынер, кіраўнік арганізацыі – такі яго быў хуткі кар’ерны ўзлёт. Гэтаму  спрыяла яго адданасць працы, дасведчанасць, справядлівасць. Пры яго непасрэдным удзеле і пад яго кіраўніцтвам у Дзятлаве былі пабудаваны знакавыя будынкі: раённая бальніца, паліклініка, школа № 3, будынкі МПМК, новы мікрараён. Гэта пры непасрэдным удзеле Пятра Гроса Дзятлава ператварылася з мястэчка ў прыгожы горад.

Пятро Грос быў шчырым беларусам, заўсёды падтрымліваў добрыя справы землякоў, дапамагаў словам і справай, марыў, каб на Дзятлаўшчыне былі ўшанаваны ўсе знакамітыя дзятлаўчане. Таму і мы хочам, каб вуліца Будаўнікоў, дзе ён жыў, насіла яго імя”, – сказаў Валерый Петрыкевіч.

Беларускае Радыё Рацыя, Дзятлава