Дзяўчына з Магілёва засуджана да паўтара году “хатняй хіміі” за даўні пост
2 верасня суд Ленінскага раёна вынес прысуд Юліі Мельнікавай, якой ставілася ў віну абраза супрацоўніка міліцыі з Гародні.
Паводле матэрыялаў справы, у траўні 2020 года Мельнікава пакінула ў “Аднакласніках” пост, у якім назвала аднаго з гарадзенскіх сілавікоў “уё..ом”. Характэрна, што зрабіла яна гэта, знаходзячыся ў Санкт-Пецярбургу.
Змякчальнай акалічнасцю на працэсе стала тое, што Мельнікава цяжарная.
Вынікам працэсу сталі 1 год і 6 месяцаў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, а таксама задавальненне іску на 1000 рублёў маральнай кампенсацыі пацярпеламу.
Дарэчы, такі ж тэрмін “хатняй хіміі” 1 верасня атрымаў па арт. 369 Крымінальнага кодэкса і магілёвец Антон Сідаровіч. У столькі ацанілі яго каментар са словам “чмо” ў адрас гродненскага міліцыянта, таксама пакінуты ў “Аднакласніках”. Справу разглядала суддзя Нікіфарава.
