Дзяўчына Змітра Фурманава: Нас прымушаюць спыніць галадоўку
Да Вольгі Каракінай, дзяўчыны затрыманага ў Гародні 29 траўня Змітра Фурманава, прыйшлі міліцыянты і запатрабавалі сысці з месца, дзе яны больш за тыдзень галадаюць у знак пратэсту.
Распавядае Вольга Каракіна:
– Прыйшла міліцыя, адзін у форме, другі ў цывільным нас усіх здымаў на відэа. Сказаў, што ў нас тут несанкцыянаванае масавае мерапрыемства і каб мы адсюль сыходзілі. Сказалі, што калі мы не сыдзем, то яны пачнуць адміністрацыйны працэс.
Па яе словах, міліцыянты паўплывалі на тое, што галадоўка будзе часова прыпынена:
– Думаю, што ўсё ж такі трэба прыбіраць, бо са мной некалькі чалавек, калі іх забяруць, то будзе не вельмі добра. Мы вырашылі сысці і напэўна будзем спыняць галадоўку. Усімі спосабамі нас спрабуюць прыбраць.
Разам з Вольгай Каракінай галадала і маці Змітра Фурманава, якая па стану здароўя вымушана была яе спыніць. Галадоўка пратэсту цягнецца з 26-га ліпеня, а 27-га ліпеня падтрымаць галадаючую Вольгу і тады яшчэ сям’ю Зміцера Фурманава прыязджала падтрымаць кандыдат у прэзідэнты Святлана Ціханоўская.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня