Эдуард Бабарыка стаў падазраваным па новай крымінальнай справе



Яму можа пагражаць да 20-ці гадоў зняволення. Палітвязень не выйшаў на волю пасля заканчэння 18-ці месяцаў утрымання пад вартай паводле абвінавачання ва ўхіленні ад выплаты падаткаў. А гэта максімальны тэрмін для правядзення следчых дзеянняў.

Як піша тэлеграм-канал Віктара Бабарыкі, цяпер Эдуарду ставяць у віну артыкул 130 Крымінальнага кодэкса, частка 3: распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці, і артыкул 293 частка 1: арганізацыя масавых беспарадкаў. Абвінавачанне Эдуарду яшчэ не прад’яўленае. Кіраўніка ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі і яго сына – Эдуарда – затрымалі летась 18 чэрвеня. Цяпер ён знаходзіцца ў СІЗА на Валадарскага.