Эдуарда Бабарыку пакінулі ў СІЗА, ён там знаходзіцца з чэрвеня 2020-га



20 траўня суддзя Міхаіл Макарэвіч разглядаў скаргі Бабарыкі і яго адваката на працягненне ўтрымання пад вартай. У выніку ён адмовіў у вызваленні. Пасяджэнне было закрытым.

Адвакат падаў скаргу ў вышэйстаячую інстанцыю. Як чакаецца, яе разгледзяць на наступным тыдні.

Эдуард Бабарыка быў кіраўніком ініцыятыўнай групы свайго бацькі, Віктара Бабарыкі, на выбарах прэзідэнта Беларусі ў 2020 годзе. Экс-кіраўнік „Белгазпрамбанка” хацеў пазмагацца за пасаду прэзідэнта, сабраў вялікую колькасць подпісаў у падтрымку свайго вылучэння, але быў затрыманы ў чэрвені 2020-га. У выніку кандыдатам у прэзідэнты яго так і не зарэгістравалі, а пазней асудзілі на 14 гадоў пазбаўлення волі. Віну Віктар Бабарыка не прызнаў. Ён дагэтуль знаходзіцца ў калоніі.

Эдуарду Бабарыку першапачаткова ставілі ў віну ўхіленне ад выплаты падаткаў. Пасля стала вядома, што яго падазраюць у „распальванні варожасці” і „арганізацыі масавых беспарадкаў”.

Да выбараў 2020 года Эдуард займаўся развіццём краўдфандынгавых платформ Ulej.by і Molamola.

[manual_related_posts]