Эдвард Дмухоўскі таксама можа быць пакараны за Свіслацкі фэст



Магчыма апошнім у спісе за ўдзел у Свіслацкім фэсце-2016 будзе гарадзенскі грамадскі актывіст Эдвард Дмухоўскі. Міліцыя мае намер скласці новы пратакол апытання, бо ранейшы не прымае суд. Паказальна, што мінула ўжо пяць тыдняў пасля Свіслацкага фэсту, які прайшоў 30-га кастрычніка.

Кажа Эдвард Дмухоўскі:

– Гэта не зусім адпавядае рэчаіснасці адносна пратакола, таму што актывіста Верамеенку судзілі, але ён не атрымаў ніякага пратаколу на рукі. Гэта, аднак, не перашкодзіла яго асудзіць, так што я думаю, што гэта ўсё неяк дзіўна выглядае, чаму гэтыя міліцыянты бегаюць, спрабуюць усучыць гэтыя пратаколы. Адзін пратакол я атрымаў па пошце, я яго маю на руках. Зараз мне будуць спрабаваць падсунуць яшчэ адзін пратакол, напэўна, каб я яго падпісаў, але падпісваць я яго не буду.

На думку Эдварда Дмухоўскага, улады засудзілі людзей, якія прыйшлі на Дзяды, каб узгадаць не толькі памерлых аднадумцаў, але і нацыянальных герояў Беларусі. Свіслацкі фэст ладзіцца ўжо больш за два дзясяткі гадоў. Падчас яго ўшаноўваецца памяць паўстанцаў 1863 году, у тым ліку Кастуся і Віктара Каліноўскіх.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота harodniaspring.org