„Эгіда” правяла чарговую акцыю па ўладкаванні беспрытульных жывёл



„Эгіда” – найстарэйшая беларуская грамадская арганізацыя, што змагаецца з праблемай беспрытульнасці сабак і катоў. Акцыя „Дарога дадому” у Менску – ужо 48-я ад 2007 году.

Што паказальна, у сезон адпачынкаў у выходны дзень наведнікаў на акцыі было больш чым дастаткова. Распавядае кіраўніца „Эгіды” Вераніка Ханцэвіч:

– З гэтай акцыі з’ехалі дамоў 9-ць катоў і 6-ць сабак – 15-ць жывёл. Дастаткова вялікая колькасць людзей станоўча рэагуе на нашы акцыі. Вялікая колькасць людзей прыязджала не толькі тых, хто хацеў узяць жывёл, а і тых, хто хацеў аказаць нейкую дапамогу. Людзі прывозілі корм, амуніцыю ў намёт дапамогі, даведваліся як можна стаць валанцёрамі.

Паводле Веранікі Ханцэвіч, у хуткім часе плануецца прыняць змены ў заканадаўстве, што тычацца праблемы беспрытульнасці:

– Калі ўлады пачуюць і прымуць усе нашыя прапановы – гэта будзе вялізны крок наперад. На наш погляд яно дапаможа ў будучыні знізіць колькасць беспрытульных жывёл. Цяпер канешне вельмі шмат выпадкаў жорсткага стаўлення да жывёл. Многія выпадкі цяжка даказаць, а за многія дастаткова складана прыцягнуць да адказнасці. Па-першае, мала прэцэдэнтаў, калі справа даходзіла да суда, але яны ёсць. Калі людзі цябе чуюць, то ўсё магчыма.

У праекце новых правіл утрымання хатніх сабак, катоў, а таксама адлову беспрытульных жывёл прапісваецца абавязковае наданне электроннага чыпу хатнім жывёлам; дэкларуецца прынцып гуманнага стаўлення да іх; забаронены адстрэл беспрытульных жывёл; гаспадары патэнцыйна небяспечных парод сабак будуць абавязаныя прайсці навучанне абыходжанню з такімі пародамі.

Беларускае Радыё Рацыя, Менск