ЕГУ не згодны з адмоўнай інстытуцыйнай ацэнкай ВНУ



Еўрапейскі гуманітарны універсітэт (ЕГУ) заявіў пра нязгоду з высновамі Цэнтра ацэнкі якасці вышэйшай адукацыі Літвы аб адмоўнай інстытуцыйнай ацэнцы ВНУ, паведаміў БелаПАН кіраўнік па камунікацыях і маркетынгу ЕГУ Максімас Мілта.

На афіцыйным сайце цэнтра адзначаецца, што першая інстытуцыйная ацэнка ЕГУ адбылася ў 2014 годзе і мела адмоўны вынік, аднак ЕГУ быў акрэдытаваны як універсітэт на трохгадовы перыяд. Між тым ацэнка дзейнасці ў 2017 годзе таксама дала адмоўны вынік.

Такая выснова грунтуецца на экспертнай адмоўнай ацэнцы стратэгічнага менеджменту і навуковай дзейнасці, адзначаецца на сайце цэнтра. Станоўча ацэненыя такія аспекты дзейнасці ЕГУ, як навучанне на працягу ўсяго жыцця і ўплыў на развіццё рэгіёнаў і краіны ў цэлым.

Пра тое, як вынікі новай ацэнкі могуць уздзейнічаць на акрэдытацыю ўніверсітэта, пакуль не паведамляецца. Пры гэтым адзначаецца, што ЕГУ можа падаць скаргу на рашэнне і звярнуцца ў суд.

У афіцыйнай заяве ЕГУ гаворыцца, што рэформы, праведзеныя ў ВНУ ў 2015—2017 гадах, забяспечылі істотнае развіццё стратэгічнага кіравання, навучальнай і навуковай дзейнасці, што было прызнана на донарскай канферэнцыі ў лістападзе 2017 года. Мілта падкрэсліў, што кіраўнічы савет працуе з урадам Літвы па гэтым пытанні.

„Будучы адзіным у свеце ўніверсітэтам у выгнанні, ЕГУ зведаў значныя рэформы стратэгічнага кіравання, а таксама ўкараніў новы стратэгічны план на 2016—2021 гады. Стратэгічны план быў распрацаваны ў цесным узаемадзеянні са Шведскім агенцтвам міжнароднага супрацоўніцтва ў галіне развіцця (SIDA) і на падставе рэкамендацый Цэнтра ацэнкі якасці вышэйшай адукацыі, дадзеных у межах інстытуцыйнай ацэнкі ўніверсітэта ў лютым 2015 года. Кіраўніцтва ЕГУ шкадуе, што ў сваёй справаздачы цэнтр не ўлічыў палітычную значнасць універсітэта для Беларусі”, — гаворыцца ў заяве ЕГУ.

На думку ЕГУ, Цэнтр ацэнкі якасці вышэйшай адукацыі не ўзяў да ўвагі афіцыйны адказ універсітэта, пададзены 14 снежня 2017 года на папярэднюю справаздачу цэнтра.

Згодна з інфармацыяй студэнцкага прадстаўніцтва ЕГУ ў сацыяльнай сетцы „УКантакце”, 21 снежня прайшла сустрэча в. а. рэктара ЕГУ Ёргена Ёргенсена са студэнтамі, на якой ён запэўніў, што ў выпадку адмовы ў акрэдытацыі ўніверсітэт так ці інакш працягне сваю працу. Між тым сам Ёргенсен 29 снежня пакіне пасаду, бо заканчваецца тэрмін яго кантракта. На просьбу генеральнай асамблеі сузаснавальнікаў ЕГУ часова выконваць абавязкі рэктара будзе прафесар Аляксандр Калбаска.

Зараз у ЕГУ праходзіць конкурс на замяшчэнне пасады рэктара. Студэнцкае прадстаўніцтва паведамляе, што „кандыдат, абраны на пасаду рэктара ЕГУ, прыняў умовы супрацоўніцтва з універсітэтам, але яго імя не будзе абвешчанае да завяршэння працэсу акрэдытацыі”.

Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт быў адкрыты ў Мінску ў 1992 годзе. У 2004-м беларускія ўлады, незадаволеныя самастойнасцю яго кіраўніцтва, закрылі ВНУ. У 2005 годзе ЕГУ аднавіў працу ў Вільнюсе ў статусе беларускага ўніверсітэта ў выгнанні. За 12 гадоў працы ў Вільнюсе выпускнікамі ЕГУ сталі 2.124 чалавекі. У 2017/18 акадэмічным годзе ў ЕГУ навучаюцца 847 студэнтаў, 95% з’яўляюцца грамадзянамі і рэзідэнтамі Беларусі.

belapan.by