Эка-актывіст са Светлагорска звярнуўся ў Камітэт па правах чалавека



Светлагорскі эка-актывіст Андрэй Смалянчук звярнуўся з індывідуальнай скаргай у Камітэт ААН па правах чалавека. На міжнародным роўні ён аспрэчвае рашэнні беларускіх судоў з адмовай у правядзенні ў 70-тысячным горадзе мітынгу пратэсту, звязанага з экалагічнай праблемай горада.

Каментуе праваабаронца Леанід Судаленка:

– Нягледзячы на гэтыя касметычныя папраўкі, якія ўступілі ў сілу ў студзені бягучага года, усё роўна немагчыма правесці той ці іншы мірны сход, калі ўлада не зацікаўленая ў ім. І вось тое, што адбываецца ў Светлагорску, менавіта выцякае з заканадаўства, якое забараняе правядзенне двух мерапрыемстваў у адным і тым жа месцы.

Леанід Судаленка ўпэўнены, што скарга Андрэя Смаленчука будзе разгледжана станоўча. Але нягледзячы на вялікую колькасць падобных запытаў у  Камітэт ААН па правах чалавека, улады не збіраюцца кардынальна мяняць сітуацыю і дазваляць свабодна выказваць свае думкі на мітынгах пратэсту, дадае праваабаронца.

– Да сённяшняга дня ўлада не рэагуе на рашэнні, якія прымаюцца ў Жэневе. Нагадаю, іх ужо звыш 120, якія трэба выконваць. Яшчэ звыш 180 беларускіх скаргаў зарэгістравана ў Жэневе. Пакуль бачым, што наш урад не клапоціцца пра імідж нашай краіны на міжнародным роўні.

Летась Андрэй Смалянчук разам з іншымі актывістамі горада заяўляў у раённым цэнтры пратэстную акцыю, аднак атрымаў адмову. Справа ў тым, што ў горадзе дзейнічае рашэнне, па якім мітынгаваць дазволена ў адзіным месцы – на стадыёне «Бумажнік». У іншых месцах забаронена, а тыя, хто не паслухаецца ўладаў, рызыкуюць трапіць пад санкцыі – буйны штраф або арышт да 15 сутак.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя