Экалагічны фестываль “Спораўскія сенакосы – 2017”



У Спораўскім заказніку адбыўся чарговы  экалагічны фестываль “Спораўскія сенакосы – 2017”. Падчас фестывалю прайшоў ХІ нацыянальны чемпіянат па ручным сенакашэнні і адборавыя спаборніцтвы па футболе на балоце.

У чемпіянаце па ручным сенакашэнні прынялі ўдзел 35 каманд з розных абласцей Беларусі. Сёлета не было ніводнай каманды з замежжа. Магчыма, памехай стала высокая тэмпература ў 32 градусы або ўпаў прэстыж самога мерапрыемства. Беларускім касцам спякота не была перашкодай, а вось гледачоў было нашмат меней у параўнанні з мінулым годам. Аматары ручнога сенакашэння прыехалі актыўна правесці выходны і пазмагацца за прызавыя месцы, кажуць ўдзельнікі спаборніцтва:

– Два гады таму я даведалася пра такі фестываль, загарэлася ім  і вось нарэшце ўдзельнічаю. І неверагодна рада гэтаму.

– На Палессі вельмі шмат палёў, балот, таму нашыя касцы кожны раз трэніруюцца не толькі на спаборніцтвах, але і на касьбе карове, казе. Гэта ў нас ужо ў крыві.

На фестывалі дэманстравалася сучасная тэхніка, якая працуе ў заказніку, рэкламаваліся расейскія аўтамабілі “Ніва”, можна было пакатацца на конях і паспрабаваць смачныя беларускія стравы. Завяршыў фестываль канцэрт самадзейных атрыстаў.

Беларускае Радыё Рацыя