Экалагічны фестываль “Журавы і журавіны”прайшоў у Мёрах



Экалагічны фестываль “Журавы і журавіны” сёмы раз прайшоў у Мёрах. На Мёршчыне знаходзіцца адно з буйнейшых верхавых балот у Еўропе – Ельня, якому ўжо 9000 гадоў. У верасні туды прылятае каля 4000 шэрых журавоў, таму свята і праводзіцца ў гэтым месяцы. Да таго гэта гарачая пара збору журавінаў. Сёлета яе прадавалі на свяце па пяць з паловай рублёў за кілаграм.

Фестываль вельмі падабаецца дарослым і дзецям. Падчас яго ходзяць бясплатныя экскурсійныя аўтобусы на палі, каб людзі змаглі паназіраць за журавамі. Адзінае, што не спадабалася наведвальнікам, па іх словах, гэта вялікая колькасць міліцыянтаў на свяце.

— Свята добра зладжана. Усё было нармальна. Адзінае, што ўражвае, гэта нібы не свята журавін і журавоў, а свята міліцыянтаў. Навошта столькі міліцыі тут, не разумею. Каго яны тут ахоўваюць і каго ці чаго баяцца? У мінулыя гады іх не было тут столькі.

Я родам з Мёраў,жыву тут шмат гадоў і штогод прыходжу на свята, бо яднанне з прыродай, гэта вельмі важна. Усё гэта вельмі цікава. Цяпер вось прыехалі дзеці, якія жывуць ў Менску.

Ганна, валанцёр:

Тут пабывалі людзі з усіх кантынентаў. Больш за ўсё мяне ўразіла Аўстралія, што яны умудрыліся неяк сюды даляцець і пабываць. З Еўропы вельмі шмат падарожнічаюць, бо ў Еўропе практычна не засталося балот у натуральным стане. Беларусь – гэта кавалак, дзе можна пабачыць захаваныя натуральныя балоты розных тыпаў. Для іх гэта цікава, яны вывучаюць гэта.

Сёлета свята наведала і пасол Вялікай Брытаніі ў Беларусі Фіёна Гіб. Фестываль праходзіў у гарадскім парку “Паўвостраў”. Падчас яго сельскія падворкі спаборнічалі ў конкурсе страў з журавінаў і ў “Жураўліным кірмашы”. Для дзяцей арганізавалі забаўляльную праграму. Працавала выстава-продаж вырабаў народных майстроў, адбыўся канцэрт з удзелам мясцовых калектываў і Цэнтра беларускай культуры з Даўгаўпілса.

Поўны матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле:

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя