Эколага Ірыну Сухій асудзілі на пяць сутак арышту



Эколаг і вядомая грамадская актывістка Ірына Сухій асуджаная на пяць сутак арышту. Такое рашэнне прыняў суд Савецкага раёна Менска.

Сёння, 8 верасня,  было ўжо другое паседжанне суда, першае прайшло напярэдадні. 7 верасня суд прызнаў адсутнасць віны Сухій, якую вінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі 3 верасня, паколькі абвінаваўцы з боку Савецкага РУУС не далі дастатковых падстаў, а сведкі абароны пацвердзілі, што ў гэты час яна знаходзілася далёка ад месца акцыі – у сваім загарадным доме. У выніку суд перадаў матэрыялы справы на дапрацоўку.

За гэты час у міліцыі перапісалі пратакол, і сёння Ірыну абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаванай жаночай акцыі пратэсту ў Менску 29 жніўня. Яна прызнана вінаватай і пакараная пяццю суткамі арышту. Двое сутак з прызначаных пяці яна ўжо адбыла, знаходзячыся ў цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна пасля затрымання.

Прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці звязваюць затрыманне Сухій з яе грамадскай дзейнасцю, у тым ліку крытыку будаўніцтва і пуску БелАЭС.

Беларускае Радыё Рацыя