Экс-баец украінскага „Беркута” служыць у менскім АМАПе
Экс-байцы ўкраінскага спецаддзела „Беркут” цяпер на службе ў міліцыі Беларусі. Шляхам журналісцкага расследвання беларуская служба сайта „InformNapalm” дакладна выявіла аднаго і ўскосна яшчэ двух „беркутаўцаў”, якія цяпер знаходзяцца на службе ў Беларусі.
Многія „беркутаўцы” ў мінулым датычныя да супрацьпраўных дзеянняў падчас Рэвалюцыі годнасці. Кажа Дзяніс Івашын, дырэктар службы:
– Гэта сведчыць, перадусім, што Беларусь разам з інфармацыйнай вайной цалкам стала на бок Расеі, таму што яна прымае злачынцаў, якія заангажаваныя ва ўсіх працэсах, якія адбываліся падчас Майдану, у гвалтоўным збіцці людзей, магчыма нават у іх забойстве. Яны зараз знаходзяцца на тэрыторыі ў тым ліку і Беларусі. Зараз Беларусь у прынцыпе выступае адным фронтам з Расеяй, яна нічым не розніцца ад Расеі.
Пакуль выяўлены толькі былы баец Нікалаеўскага „Беркута” Мікалай Стагарняк, які сведчыў супраць Вячаслава Касінерава, удзельніка акцыі „недармаедаў” у Менску.
Большасць байцоў гэтага спецаддзела, якіх было 4 тысячы, уцяклі ў акупаваны Крым, альбо перайшлі на службу ў Расею.
У Беларусі, як мяркуе журналіст Дзяніс Івашын, на службе ў міліцыі іх можа быць некалькі дзясяткаў. Розьніца палягае толькі ў тым, што “экс-беркутаўцы” ў Беларусі маюць статус працоўных эмігрантаў, а ў Расейскай Федэрацыі яны атрымалі грамадзянства.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
Фота аўтара