Экс-галоўбуха птушкафабрыкі абавязалі пакрыць прадпрыемству амаль 1 млн рублёў



12 ліпеня ў Берасці абвясцілі прысуд былой галоўнай бухгалтарцы філіяла 1-й Менскай птушкафабрыкі, якая абвінавачвалася ў крадзяжы шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі, паведамляе прэс-служба Вярхоўнага суда.

Па версіі абвінавачвання, 48-гадовая жанчына, працуючы на ​​пасадзе галоўбуха, са студзеня 2014 года па 16 верасня 2020 года налічвала сабе „павышаны” заробак, матэрыяльную дапамогу, адпускныя, а таксама пакрывала сама сабе працоўныя выдаткі, якія на самай справе не несла. Як сцвярджае пракуратура, такім чынам яна завалодала грашыма на агульную суму 863 тысячы рублёў.

Акрамя таго яна ўвяла дырэктара філіяла ў зман і падрыхтавала чэкі на атрыманне наяўных з банкаўскіх рахункаў філіяла, а таксама падрыхтавала заявы, у якія ўнесла загадзя ілжывыя звесткі аб завышэнні заработнай платы супрацоўнікам філіяла. Па гэтых дакументах яна незаконна атрымала яшчэ 51,3 тысячы рублёў.

Суд прызнаў жанчыну вінаватай у крадзяжы шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі паўторна ў асабліва буйным памеры. Ёй прызначылі 7 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Абвінавачванай таксама забаранілі на пяць гадоў займацца адміністрацыйна-гаспадарчай дзейнасцю.

Агульны памер шкоды склаў 913 тысяч рублёў. Суд спагнаў гэтую суму з абвінавачванай на карысць прадпрыемства, дзе яна працавала. З іх яна добраахвотна пакрыла толькі 800 рублёў. Прысуд не ўступіў у законную сілу і можа быць абскарджаны.

Zerkalo.io