У парламенце абмеркавалі скарачэнне дэкрэтнага адпачынку



З ініцыятывай разгледзець скарачэнне дэкрэтнага адпачынку да ўзроўню еўрапейскіх краін выступілі члены секцыі навукова-кансультатыўнага савета па пытаннях сацыяльна-эканамічнага развіцця пры прэзідыуме Савета Рэспублікі.

Паводле інфармацыі БелаПАН, закрытае для СМІ пасяджэнне секцыі адбылося ў верхняй палаце парламента 6 чэрвеня, у ім узялі ўдзел кіруючыя работнікі міністэрстваў, ведамстваў і шэрагу арганізацый.

Адна з прапаноў, з якой выйшла топ-менеджар буйной дзяржкампаніі, заключалася ў тым, каб у будучыні змяншаць працягласць дэкрэтнага адпачынку да ўзроўню еўрапейскіх краін або скарачаць частку адпачынку па доглядзе дзіця, якая аплачваецца.

„Тэма перагляду працягласці дэкрэтнага адпачынку ў Савеце Рэспублікі абмяркоўвалася. Але гэта глабальная тэма, яна павінна разглядацца ў комплексе з іншымі пытаннямі, якія тычацца дашкольнага выхавання дзяцей”, — заявіў БелаПАН прадстаўнік парламенцкіх колаў.

Ён падкрэсліў, што ў Савеце Рэспублікі праходзіла толькі абмеркаванне гэтага пытання і аб падрыхтоўцы якіх-небудзь праектаў дзяржрашэнняў размова не ішла.

Зараз жанчыны пасля нараджэння дзіця могуць знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку тры гады (у многіх еўрапейскіх краінах — год). У гэты перыяд жанчыны атрымліваюць штомесячную дапамогу па доглядзе дзіця (35% сярэднямесячнай зарплаты па краіне на першае дзіця, 40% — на другое і наступных дзяцей). У еўрапейскіх краінах дапамога па доглядзе дзіця прывязаная да зарплаты бацькоў, якую яны атрымлівалі да моманту выхаду ў дэкрэтны адпачынак.

Прадстаўнікі грамадскіх арганізацый і эканамісты выказваюць розныя меркаванні па пытанні працягласці дэкрэтнага адпачынку.

„У заканадаўстве павінна заставацца норма аб гарантаваным трохгадовым дэкрэтным адпачынку. Пастаянная прысутнасць мамы вельмі важная для выхавання і развіцця дзіця ў першыя гады яго жыцця”, — адзначыла ў каментары БелаПАН намеснік старшыні Мінскага сталічнага саюза прадпрымальнікаў і працадаўцаў Лілія Коваль.

Пры гэтым яна мяркуе, што Беларусь можна пераняць вопыт Украіны, урад якой прыняў рашэнне з 2019 года кампенсаваць частку выдаткаў на няньку жанчынам, якія выходзяць на працу раней за заканчэнне дэкрэтнага адпачынку.

„У сем’ях рознае матэрыяльнае становішча, некаторыя жанчыны, знаходзячыся ў дэкрэтным адпачынку, адчуваюць адарванасць ад прафесійнага асяроддзя. Таму важна даць жанчынам, якія хочуць у перыяд дэкрэтнага адпачынку працаваць, магчымасць займацца і прафесійнай дзейнасцю”, — лічыць Коваль.

У сваю чаргу беларускія эканамісты, якія неўзабаве пасля нараджэння дзяцей выйшлі на працу, упэўненыя, што працягласць дэкрэтнага адпачынку ў краіне з часам трэба пераглядаць.

„Па меры стварэння інфраструктуры, якая б дазваляла жанчынам рэальна сумяшчаць выхаванне дзяцей і працу, дэкрэтны адпачынак варта змяншаць”, — мяркуе навуковы супрацоўнік Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтра (BEROC) Марыя Акулава.

Вопыт еўрапейскіх краін, кажуць эканамісты, даказаў, што адпачынак па доглядзе дзіця больш як два гады не мае сэнсу, і чым хутчэй дзіця ўключыцца ў зносіны з навакольным светам, тым лепш.

„Жанчынам неабходна даць рэальную магчымасць сумяшчаць працу і выхаванне маленькіх дзяцей. Многія жанчыны, калі гэта адбудзецца, будуць удзячныя дзяржаве за такую магчымасць, і гэта будзе стымуляваць нараджальнасць у сем’ях, якія адказна ставяцца да выхавання дзяцей”, — адзначыла акадэмічны дырэктар BEROC Кацярына Барнукова.

На думку экспертаў, каб у жанчын з’явілася магчымасць сумяшчаць выхаванне дзяцей і працу, дзяржаве неабходна заахвочваць стварэнне прыватных садоў.

„Дашкольнай інфраструктуры, а менавіта прыватных дзіцячых садоў, сёння краіне відавочна не хапае. Дзяржаве неабходна стымуляваць стварэнне такіх устаноў”, — мяркуе Коваль.

Як паведамлялася раней, пасяджэнне секцыі навукова-кансультатыўнага савета па пытаннях сацыяльна-эканамічнага развіцця пры прэзідыуме Савета Рэспублікі было прысвечанае пытанню збалансаванасці бюджэту Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва. Апошнія пяць гадоў (з 2013 года) бюджэт фонду, са сродкаў якога выплачваюцца пенсіі і дзіцячыя дапамогі, выконваецца з дэфіцытам.  БелаПАН