Эксперты ЕЗ завяршаюць праверку вынікаў стрэс-тэстаў БелАЭС



Эксперты ЕЗ завяршаюць партнёрскую праверку вынікаў стрэс-тэстаў Беларускай атамнай электрастанцыі ў Астраўцы.

Беларускія ўлады паўтараюць, што стрэс-тэсты справа дабраахвотная для кожнай краіны, але гэта насамрэч не так, кажа прадстаўнік партыі «Зялёныя» Зміцер Кучук:

– У любым выпадку гэта такі дакумент, які патрабуе і МАГАТЭ, і патрабуюць любыя грамадскія арганізацыі. Павінны быць нейкія дакументальныя даследаванні, каб разумелі хаця б жыхары горада, эксперты, як гэты аб’ект будзе ўплываць на наваколле. Падобныя даследаванні мусяць абавязкова праводзіцца перад уводам у эксплуатацыю. І беларусы выконваюць гэта ўсё фармальна, няма канкрэтыкі. Аб гэтым гавораць і літоўцы, і беларускія незалежныя даследаванні.

Акрамя таго, уздзеянне на экалогію пасля ўвядзення АЭС у эксплуатацыю можа быць нашмат больш сур’ёзным, чым гаворыцца ў справаздачах Беларусі для міжнародных арганізацый, лічыць эксперт.

– Эксперты займаліся вывучэннем маленькіх доз радыяцыі на чалавека і па гэтых даследаваннях жыццё побач з атамнымі станцыя небяспечнае ў плане анкалагічных захворванняў. У Астраўцы, у Нарачы і іншых прылеглых тэрыторыях магчыма будуць сур’ёзныя наступствы. Я не думаю, што гэта будзе такой курортнай зонай для адпачынку, якой з’яўляецца зараз Нарач. Ніхто не захоча загараць, лавіць рыбу, хадзіць у лес, калі побач небяспечны аб’ект, які практычна можна пабачыць з вокнаў нарачанскіх санаторыяў.

Па выніках візіта еўрапейскія эксперты з 15 краін падрыхтуюць папярэднюю версію справаздачы аб партнёрскай праверцы стрэс-тэстаў Беларускай АЭС.

У якасці назіральнікаў падчас візіта дэлегацыі ЕЗ былі прадстаўнікі МАГАТЭ, Расеі і Ірана. Стрэс-тэсты ўяўляюць сабой разавую пазапланавую пераацэнку бяспекі АЭС на прадмет яе ўстойлівасці да экстрэмальных знешніх прыродных уздзеянняў і іх спалучэнні.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя