Да ўгодкаў епіскапа Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы



Да 115-годдзя з дня нараджэння архіепіскапа Філафея (Уладзіміра Нарко).

Доктар філасофіі, акадэмік Міжнароднай акадэміі астранаўтыкі ў Парыжы, прафесар матэматыкі беларус Барыс Кіт у сваіх успамінах пра беларускага архіепіскапа Філафея (Уладзіміра Нарко), якія публікаваліся ў кнізе Аляксандра Адзінца “Паваенная эміграцыя: скрыжаванні лёсаў” (Мн., 2007. С. 634) згадвае: “Аднойчы (гэта было ў пасляваеннай Германіі — С.Ч.), калі скончылася служба, утварылася чарга, каб пацалаваць крыж. Падыходжу да святыні і я, айцец Філафей, як пабачыў мяне, страшэнна здзівіўся, адсунуў крыж убок, абняў мяне і пачаў голасна размаўляць па-беларуску. Гэта ў расейскай-та царкве…”. Так, гэта быў той Філафей, які ў гады Другой сусветнай вайны ў Беларусі ўдзельнічаў у аднаўленні і фарміраванні царкоўнага кіраўніцтва Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы.

Нарадзіўся Уладзімір Нарко 21 лютага 1905 года ў вёсцы Занарач Мядзельскага раёна. Паводле іншых звестак ён нарадзіўся ў мястэчку Ілья (цяпер Вілейскі раён) у сям’і святара. Яго бацька Еўдакім Нарко служыў у Ільінскай царкве Віленскай епархіі псаломшчыкам і дзяканам, а маці Марыя Нарко (дзявочае прозвішча Вялічка) была хатняй гаспадыняй. Нарачоны падчас хрышчэння Уладзімірам, будучы ўладыка Філафей з маленства пачаў служыць Хрыстовай Царкве, прыслужваючы з 14 гадоў у алтары свайму бацьку.

Першапачатковую адукацыю Уладзімір Нарко атрымаў дома. Потым вучыўся ў гімназіі Фердынанда Велера ў Вільні. Калі вытрымаў экзамен за курс сямі класаў навучання, у верасні 1921 года быў залічаны выхаванцам Віленскай духоўнай праваслаўнай семінарыі. А потым працягваў вучобу на багаслоўскім (тэалагічным) факультэце Варшаўскага універсітэта, які скончыў у 1929 годзе.

Праваслаўныя прыходы Польшчы ў той час, нягледзячы на пратэсты патрыяха Ціхана і Архіерыйскага Сінода Рускай праваслаўнай царквы за мяжой, атрымалі царкоўную аўтакефалію ад Канстанцінопальскага патрыярха. Магчыма гэта зрабіла ўплыў на тое, што будучы ўладыка Філафей з 1931 па 1933 гады працягваў адукацыю ў багаслоўскай школе Канстанцінопальскай Патрыярхіі на востраве Халкі. У 1937 годзе ён атрымаў дыплом магістра багаслоўя.

У 1927 годзе ў Пачаеўскай лаўры малады Уладзімір Нарко разам з Антонам Мартасам (1904-1984) быў пастрыжаны ў манахі намеснікам ігумена архімандрытам Дамаскіным. Дарэчы, Антон Мартас (архіепіскап Афанасій  (Апанас) нарадзіўся на Нясвішчыне. У 1942 годзе ў Менску быў высвечаны на епіскапа Віцебскага і Полацкага. Пасля вайны жыў у Германіі, Аўстраліі, Аргенціне. Усё жыццё сябраваў з уладыкам Філафеем. У 1966 годзе ў Буэнас-Айрэсе выдаў кнігу “Беларусь в исторической государственной и церковной жизни” з прадмовай па-беларуску. Праз некалькі гадоў Сінод Рускай праваслаўнай царквы за мяжой забараніў чытанне і распаўсюджванне гэтай кнігі, а аўтара адлучылі ад рэлігійнай дзейнасці. Тады архіепіскап Апанас уваходзіў у юрысдыкцыю Рускай праваслаўнай царквы за мяжой. Да 100-годдзя архіепіскапа Апанаса ў Жыровічах з друку выйшлі асобнай кнігай яго “Матэрыялы да Гісторыі Праваслаўнай Беларускай Царквы”, а таксама ўспаміны “На ніве Хрыстовай” (Нью Ёрк — Менск — Варшава, 2005). А кнігу “Беларусь в исторической государственной и церковной жизни” з прадмовай па-беларуску Антона Мартаса Беларускі Экзархат перавыдаў у Менску ў 1990 годзе.

У 1927 годзе айцец Філафей быў узведзены ў дзяканскі, а потым у іерэйскі сан. Далей рэлігійны шлях айца Філафея ляжаў у Мюнхен, дзе ён кароткі час служыў свяшчэннікам, а з 1929 года быў намеснікам настаяцеля манастыра святога Ануфрыя ў мясцовасці Яблачын Варшаўска-Холмскай епархіі. Пэўны час нават выконваў святарскія абавязкі ў Галіччыне, быў начальнікам духоўнай місіі. Пасля Галіччыны Філафея хутка ўзвялі ў сан архімандрыта.

У 1936 годзе ён быў прызначаны інспектарам Варшаўскай духоўнай семінарыі, а потым стаў дацэнтам духоўнага багаслоўя багаслоўскага факультэта Варшаўскага універсітэта. Беларуса хутка выбіраюць намеснікам настаяцеля Варшаўскага кафедральнага сабора, а таксама яго рызнічным. Адначасова ён працуе выкладчыкам багаслоўя ў дзвюх прыватных школах — нямецкай гімназіі і французскім ліцэі. Не забывае святар і пра беларускі прыход у Варшаве, дзе ён служыць другім святаром. А пазней становіцца сябрам Варшаўскай духоўнай кансісторыі.

У гады Другой сусветнай вайны, калі Польшча і Беларусь былі пад нямецкай акупацыяй, мітрапаліт Дзіянісій, які ў той час узначальваў Польскую праваслаўную царкву, лічыў Беларусь у сваёй юрысдыкцыі. Напачатку верасня 1941 года Дзіянісій склікаў Раду Беларускай царквы, каб сур’ёзна вырашыць задачу распаўсюджвання на Беларусь юрысдыкцыі Польскай праваслаўнай царквы. Архімандрыт Філафей з’яўляўся сябрам гэтай Рады і мітрапаліт Дзіянісій рэкамендаваў яго, а таксама архімандрыта Антона Мартаса і архімандрыта Феафана Пратасевіча ў кандыдаты для кіравання беларускімі епархіямі на той беларускай тэрыторыі, якая была вызвалена немцамі ад бальшавікоў. А перад самай вайной Маскоўская Патрыярхія прызначыла мітрапаліта Панцеляймона (Паўла Ражноўскага) экзархам Заходне-Беларускім і Украінскім. Але мітрапаліты Дзіянісій і Панцеляймон не ўлічылі адну акалічнасць, што гаспадарамі на тэрыторыі Беларусі былі ўсё ж германскія ўлады. І калі ў 1941 годзе на Бацькаўшчыну прыехаў Філафей, якога накіраваў Дзіянісій дзеля зацвярджэння на Беларусі юрысдыкцыі Польскай праваслаўнай царквы, і сустрэўся з Панцеляймонам, то зразумеў, што планам мітрапаліта Дзіянісія немагчыма збыцца. Таму архімандрыт Філафей вырашае застацца на радзіме і дапамагаць мітрапаліту Панцеляймону.

15 лістапада 1941 года архімандрыт Філафей прыбыў у Жыровічы, што на Слонімшчыне. Вечарам таго ж дня адбыўся Сабор епіскапаў Святой праваслаўнай царквы на Беларусі. Архімандрыт Філафей азнаёміў Сабор з паперамі ад мітрапаліта Дзіянісія і паведаміў аб хуткім прыездзе на Беларусь архімандрыта Апанаса. Сабор епіскапаў пастанавіў: прызначыць архімандрыта Філафея сябрам Царкоўнага кіраўніцтва ў Жыровічах, хіратанізаваць архімандрыта Філафея 23 лістапада ў саборным святым Успенскім храме ў Жыровіцкім манастыры ў епіскапа Слуцкага, другога вікарыя мітрапаліта з месцазнаходжаннем у Менску.

Архімандрыт Філафей быў хіратанізаваны. Хіратонію правялі мітрапаліт Панцеляймон пры ўдзеле епіскапа Брэсцкага Венядзікта. А 30 лістапада 1941 года мітрапаліт Панцеляймон і епіскап Філафей прыбылі ў Менск. Там іх урачыста сустрэлі беларускія святары, адміністрацыя Менска разам з Вацлавам Іваноўскім, сябры беларускіх арганізацый і вернікі. Была вялікая надзея, што з прыездам у Менск мітрапаліта Панцеляймона і епіскапа Філафея царкоўнае праваслаўнае жыццё ў Беларусі нармалізуецца і народ атрымае сваіх беларускіх епіскапаў, святароў і сваю Беларускую аўтакефальную праваслаўную царкву. Але мітрапаліт Пайцеляймон меў у сваіх думках іншую мэту. Ён быў моцным прыхільнікам маскоўскай патрыярхіі, і яму нялёгка было ад яе адарвацца. Ён адкладаў хіратонію ў епіскапы беларускіх кандыдатаў і не пашыраў сваёй духоўнай архіпастырскай дзейнасці па ўсёй мітраполіі. “А епіскап Філафей, — як пісаў у сваёй кнізе “За вольную і сувэрэнную Беларусь” (Вільня, 2006. С.133) Дзмітры Касмовіч, — быў слабахарактарным. Ён лавіраваў паміж беларускімі праваслаўнымі патрыётамі і русафіламі з мэтай заняць кіруючае месца ў Беларускай праваслаўнай царкве. Справа беларусізацыі царквы не пасоўвалася наперад”.

У сакавіку 1942 года уладыка Філафей атрымлівае тытул Магілёўскага і Мсціслаўскага, яго ўзводзяць у сан архіепіскапа і прызначаюць намеснікам мітрапаліта Панцеляймона.

2 чэрвеня 1942 года жаўнеры СД на аўтамабілі прымусова адвезлі мітрапаліта Панцеляймона, якога не змаглі пераканаць у неабходнасці беларусізацыі царквы, у манастыр Ляды, які знаходзіўся сорак кіламетраў ад Менска. Мітрапаліт паспеў толькі падпісаць дэкрэт на імя Філафея наступнага зместу: “З поваду свайго выезду з Менска на ўвесь час маёй адсутнасці паручаю Вам усе справы Беларускай Праваслаўнай Мітраполіі. 1.06.1942 году, Менск” (Архіепіскап Афанасій (Мартас). Матэрыялы да Гісторыі Праваслаўнай Беларускай Царквы. Жыровічы, 2004. С.83).

Пасля таго, як мітрапаліт Панцеляймон быў адвезены ў Ляды, актыўна пачалася праца Прадсаборнай камісіі для агалашэння аўтакефаліі Беларускай праваслаўнай царквы. Быў падрыхтаваны Статут Праваслаўнай аўтакефальнай царквы, разгледжана пытанне, хто адкрые Царкоўны Сабор і іншыя справы. Мітрапаліт Панцеляймон даў пісьмовую згоду, каб Царкоўны Сабор адкрыў яго намеснік Філафей.

У нядзелю, 30 жніўня 1942 года ў Менску сабраліся беларускія святары і вернікі на Ўсебеларускі Царкоўны Сабор, каб абвясціць незалежнасць Беларускай Праваслаўнай царквы і прыняць Статут, якім павінна кіравацца царква ў сваёй самастойнай дзейнасці. Перад пачаткам Сабора ў Спаса-Прэабражэнскай царкве адбыўся ўрачысты малебен. Архіепіскап Філафей яго адслужыў у суправаджэнні епіскапа Віцебскага і Полацкага Апанаса, епіскапа Смаленскага і Бранскага Сцяпана і шматлікага духавенства. Потым Філафей адкрыў Сабор, а сакратар Сабора святар Аляксандр Апанасевіч зачытаў спіс яго ўдзельнікаў. У сваёй прадмове архіепіскап Філафей падкрэсліў, што ўсе падставы для існавання аўтакефаліі на Беларусі ёсць: Беларуская царква існуе незалежна ад іншых цэркваў, ёсць іерархіі, епархіі, благачынні, прыходы, створаны курсы для кандыдатаў на святароў і г.д. Неабходна толькі аўтакефалію аформіць. “Сёння мы тут сабраныя на святы Сабор Беларускае Праваслаўнае царквы, навязваем лучнасць з найпрыгажэйшымі ў гісторыі Беларусі часамі XIII, XIV і XV стагоддзяў. Гэта былі часы вялікае славы і росквіту Беларусі, прыгожыя часы росквіту Беларускае царквы. Тады ўжо былі паложаны фундаменты для яе аўтакефальнасці, для яе незалежнасці. З таго часу мінула многа год, а беларускі народ і праваслаўная царква многа перажылі розных няшчасцяў, крыўдаў, паніжэнняў. Усё ж, аднак, Бог Усявышні не пакідаў нашага народу і зноў даў яму магчымасць арганізавання свайго жыцця рэлігійнага, культурнага, гаспадарчага… Беларусь вызвалена ад бальшавіцкае няволі і пачынае новае жыццё. Мы сюды  сабраліся, каб радзіць над справамі нашае Святое Праваслаўнае царквы, над арганізацыяй ейнае працы. Памолімся, каб Усявышні благаславіў нас і нашую працу”, — казаў у сваёй прадмове архіепіскап Філафей і пра гэта пісаў тыднёвік па Беластоцкай акрузе “Новая дарога” 4 жніўня 1942 года.  

Пасля выступлення Філафея, чыталіся рэфераты, разглядаўся праект Статута Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы. А 2 верасня 1942 года Статут Беларускай Праваслаўнай аўтакефальнай царквы быў прыняты. Адначасова была прынята пастанова аб поўнай незалежнасці Беларускай Праваслаўнай царквы. “Дзень 2 верасня 1942 года, у якім была абвешчана аўтакефалія Беларускай Праваслаўнай царквы, застанецца ў гісторыі Беларусі, як адзін з найвялікшых гістарычных дзён”, — пісала ўсё тая ж “Новая дарога” 4 жніўня 1942 года.

Але ж у далейшым епіскапы не давалі патрэбнага году саборным пастановам аб завяршэнні аўтакефаліі. Толькі 20 красавіка 1943 года епіскапы падпісалі лісты да Канстанцінопальскага Патрыярха і да іншых самастойных цэркваў.

Летам 1944 года, калі немцы пачалі адступаць, а Чырвоная Армія паціху рухалася на Захад, епіскапы Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы (БАПЦ) эвакуіраваліся ў Германію. Туды выехаў і Філафей. 5 мая 1946 года ў Рэгенсбургу адбыўся з’езд праваслаўных беларусаў Германіі, дзе абмяркоўвалася некалькі сур’ёзных пытанняў, а таксама пытанне аб пераходзе беларускіх епіскапаў пад юрысдыкцыю Рускай праваслаўнай царквы за мяжой. Філарэт Родзька (1890-1980) і Аляксандр Орса (1896-1959) сталі перад епіскапамі Філафеем і Апанасам на калені, молячы іх, каб не ехалі ў Мюнхен падпісваць акт аб далучэнні БАПЦ да Рускай праваслаўнай царквы за мяжой. Епіскапы не паслухалі сваіх землякоў. І 6 мая 1946 года ў Мюнхэне на архіерэйскім Саборы Рускай праваслаўнай царквы за мяжой епіскапат БАПЦ увайшоў у архіерэйскі Сабор Рускай праваслаўнай царквы за мяжой. Рашэннем гэтага Сабора архіепіскап Філафей быў прызначаны вікарным епіскапам у Берлінска-Германскую епархію з тытулам Гесенскага і рэзідэнцыяй у Вісбадэне.

У 1953 годзе Філафей атрымаў новую царкоўную пасаду — ён стаў епіскапам Гамбурскім і Паўночнай Германіі. Па яго ініцыятыве у Гамбургу быў пабудаваны сабор Святога Пракопа. А побач з саборам у адным з царкоўных памяшканняў жыў сам епіскап.

У 1971 годзе ўладыка Філафей стаў архіепіскапам Берлінскім і Германскім. Яму было дазволена насіць алмазны крыж на клабуку. А праз дзесяць гадоў  прэзідэнт ФРГ узнагародзіць Філафея “Крыжом гонару” першай ступені.

Вясной 1981 года ў архіепіскапа здарыўся інфаркт. А ў верасня 1986 года яго не стала. “Мне ўдалося набыць кавалак зямлі каля найпрыгажэйшай царквы на могілках у Вісбадэне. Маё будучае месца — у якіх-небудзь дзесяці кроках ад магілы Філафея. Такі лёс”, — прыгадвае ўсё той жа Барыс Кіт, згадваючы Філафея (Аляксандр Адзінец. Паваенная эміграцыя: скрыжаванні лёсаў. Мн., 2007. С. 634).

Царкоўная дзейнасць архіепіскапа Філафея (Уладзіміра Нарко) у справе беларускага рэлігійнага жыцця, як у Беларусі, так і беларусамі на эміграцыі, заўсёды ацэньвалася неадназначна і характарызавалася непаслядоўнасцю. Тым не менш, гэта даволі вялікая царкоўная асоба ў гісторыі нашай Бацькаўшчыны і забываць яе нам нельга. І апошняе. У энцыклапедычным даведніку “Рэлігія і царква на Беларусі” (Мн., “Беларуская энцыклапедыя”. 2001) архіепіскап Філафей нават і не згадваецца.

[Not a valid template]

Сяргей Чыгрын, Беларускае Радыё Рацыя

Фотаздымкі з архіва аўтара