„Еўрарадыё” шукае магчымасці для пераезду рэдакцыі з Беларусі



 Пасля закрыцця менскага карпункта зарэгістраванае ў Польшчы „Еўрапейскае радыё для Беларусі” („Еўрарадыё”) шукае магчымасці перавезці супрацоўнікаў у Варшаву, паведаміў на прэс-канферэнцыі 13 ліпеня яго галоўны рэдактар Павел Свярдлоў.

Карпункт „Еўрарадыё” быў закрыты 6 ліпеня — у дзень публікацыі адпаведнай пастановы Савета міністраў ад 2 ліпеня № 378.

„Юрыдычную асобу нельга закрыць, шчоўкнуўшы пальцамі. Гэта абсалютна фармальны тэхнічны працэс. Ён працягваецца, і толькі таму нельга пакуль сказаць, што „Еўрарадыё” сышло з Беларусі канчаткова. І, вядома, таму, што многія супрацоўнікі застаюцца тут. Калі ўсе гэтыя юрыдычныя фармальнасці будуць скончаныя, тады будзе ўсё”, — сказаў Свярдлоў.

Паводле яго слоў, „Еўрарадыё” афіцыйна працавала ў Беларусі амаль 12 гадоў — з 2009 года. „За гэты час былі вобшукі і затрыманні, але наш карэспандэнцкі пункт працаваў, улады прызнавалі наша права займацца журналістыкай. Зараз гэта права не прызнаецца”, — заявіў галоўны рэдактар.

„Я спадзяюся, мы калі-небудзь зноў атрымаем акрэдытацыю і будзем працаваць, але для гэтага, мяркуючы па ўсім, павінны адбыцца тыя славутыя перамены”, — адзначыў Свярдлоў.

belapan.by