„Еўрарадыё”: Закрыццё карпункта ў Беларусі паўплывае на працу, але прынцыпова сітуацыю не змяняе



Зарэгістраванае ў Польшчы „Еўрапейскае радыё ў Беларусі” („Еўрарадыё”) не спыняе сваю працу, нягледзячы на рашэнне ўладаў закрыць карэспандэнцкі пункт у Менску, паведамляецца ў тэлеграм-канале медыя.

„Закрыццё карпункта „Еўрарадыё” ў Беларусі — гэта, найхутчэй, адна з частак адказу беларускіх уладаў на санкцыі з боку Еўразвяза, — мяркуюць у СМІ. — Мы афіцыйна працавалі ў Менску 11 гадоў. Тое, што ўрад закрывае карпункт менавіта цяпер, пасля ўвядзення „чацвёртага пакета” і сектаральных санкцый, наўрад ці супадзенне”.

„Вядома, гэта паўплывае на нашу працу. Але не спыніць нас. З лета не працуе наш сайт euroradio.fm, з восені нашы карэспандэнты не могуць атрымаць у МЗС акрэдытацыі. Але мы працягвалі працаваць. І закрыццё карпункта прынцыпова сітуацыю не змяняе. Мы чакалі такога павароту падзеяў і рыхтаваліся. Не можам сказаць, што былі да канца гатовыя, але план ёсць, і не адзін”, — адзначаецца ў паведамленні.

У рэдакцыі падкрэслілі: „Не будзем геройстваваць і казаць, што „Еўрарадыё” сыходзіць у партызаны. Але ў нас ёсць офіс у Варшаве, які беларускія ўлады закрыць не могуць”.

5 ліпеня ў рэестры Нацыянальнага прававога інтэрнэт-партала (pravo.by) была зарэгістраваная пастанова Савета міністраў ад 2 ліпеня № 378 „Аб закрыцці ў Рэспубліцы Беларусь карэспандэнцкага пункта таварыства з абмежаванай адказнасцю „Еўрапейскае радыё для Беларусі” (Рэспубліка Польшча)”. Тэкст дакумента на партале пакуль не апублікаваны.

Сайт „Еўрарадыё” паведамляе, што карпункт быў адкрыты ў Менску ў 2009 годзе. Улетку 2020 года ўлады заблакавалі доступ да асноўнага сайта СМІ — euroradio.fm, пасля чаго было зробленае яго люстэрка — euroradio.pl.

У кастрычніку 2020 года журналістаў „Еўрарадыё”, як і прадстаўнікоў іншых замежных медыя, Міністэрства замежных спраў Беларусі пазбавіла акрэдытацыі.

belapan.by