Еўразвяз заклікаў вызваліць палітвязня філосафа Уладзіміра Мацкевіча



Зняволены філосаф і метадолаг Уладзімір Мацкевіч галадае з 3 лютага ў следчым ізалятары №1 у Менску.

Напярэдадні ён пачаў сухую галадоўку, бо ўлады не выканалі ягоных патрабаванняў. Уладзімір Мацкевіч галадае ў турме трынаццаты дзень, другі з іх — без вады, паведамляе svaboda.org.

Ён пачаў галадоўку, патрабуючы змены меры стрымання на не звязаную са зняволеннем, завяршэння следства ў яго справе і прызначэння даты суда.

Мацкевіч паведамляў, што першыя 10 дзён «будзе галадоўка на вадзе», а калі па сканчэнні гэтага тэрміну патрабаванні не выканаюць, тады гатовы перайсці да «сухой галадоўкі».

Паводле апошняй інфармацыі, цяпер Уладзімір Мацкевіч «адчувае сябе кепска». Учора яго двойчы агледзеў лекар СІЗА. Мацкевіч адчувае слабасць, страціў больш за 7 кілаграмаў вагі з моманту пачатку галадоўкі.

Пастара і лекара (не з сістэмы МУС) да палітвязня не дапусцілі. Ад «кансультацыі» турэмнага псіхолага Уладзімір Мацкевіч адмовіўся: лічыць, што няма прычын з ёй размаўляць, бо ад яе не залежыць выкананне яго патрабаванняў.

Прадстаўніцтва Еўразвязу ў Беларусі сёння, 16 лютага, заклікала вызваліць Уладзіміра Мацкевіча, падкрэсліваючы, што «асноўныя свабоды павінны быць забяспечаныя».

[manual_related_posts]