Фармаванне ўчастковых выбарчых камісій праходзіла ў Лідзе за зачыненымі дзвярыма



Паседжанне Лідскага раённага выканаўчага камітэта, на якім фармаваліся склады ўчастковых выбарчых камісій, адбываліся за зачыненымі дзвярыма. Аб гэтым даведаўся Сяргей Пантус, які быў дэлегаваны на гэтае паседжанне ад грамадскага аб’яднання “БНФ “Адраджэнне””. 5 чалавек ад якога былі пададзеныя на ўключэнне ў падліковыя выбарчыя камісіі ў горадзе Ліда і Бярозаўка. Актывіст лічыць такі расклад справаў непрымальным, бо кожны, хто вылучае людзей у сябры камісій, павінен мець права непасрэдна назіраць за працэсам абрання.

– Я прыехаў у Ліду, і тут мне паведамілі, што паседжанне будзе праходзіць у закрытым рэжыме ў сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй. Дзіўна, што толькі ў паведамленнях на сайце райвыканкама не было паведамлена, што паседжанне будзе ў закрытым рэжыме. Лічу, што так не павінна быць. Калі паседжанне ў закрытым рэжыме, то правільна было б пра гэта паведаміць.

На сайце Лідскага раённага выканаўчага камітэту паведамлялася, што ўжо на наступны дзень, то бок 25 чэрвеня, будзе выкладзенае запісанае відэа гэтага паседжання. І тое, яно будзе дасяжнае для прагляду ўсяго толькі на працягу трох гадзін. З 9-й да 12-й гадзіны.

Андрэй Панямонаў, Беларускае Радыё Рацыя