Фермер Мікалай Бяльчук выйшаў на свабоду



Пасля двухмесячнага арышту фермер Мікалай Бяльчук выйшаў на свабоду. Да апошніх дзён інфармацыяй пра ягонае вызваленне валодала толькі адвакат.

Нешматлікія сваякі, праваабаронцы і журналісты сустракалі экс-вязня ля ўваходу ў СІЗА №7 у Берасці.

Кажа Уладзімір Вялічкін, праваабаронца, які адсочваў працэс над фермерам:

— Калі я прыйшоў да СІЗА, дык убачыў, што бацька Мікалая стаіць на прыступках з адвакаткай і пра нешта размаўляюць. Я пытаюся: калі выйдзе Мікалай? А яны адказваюць: недзе да абеду. Тады я вырашыў застацца і пачакаць, бо я паталагічна не давяраю нашай праваахоўнай сістэме. Пасля гэтага яны з’ехалі, а хвілін праз пяць з’яўляецца Мікалай у суправаджэнні супрацоўнікаў міліцыі.

Да апошняга моманту не было дакладна вядома, выйдзе Мікалай 11-га ці 12-га снежня. Адразу пасля выхаду, схуднелы пасля галадоўкі пратэсту фермер распавёў пра акалічнасці свайго затрымання, умовы ў СІЗА, адносіны прадстаўнікоў улады да вязняў і рэзанансе ягонай справы ў СМІ:

— Яны яшчэ больш азвярэлі, але пры гэтым канваіры пачалі нейтральна ставіцца. Гэта адыграла вялікую ролю. Калі чалавек хворы, дык жывым адсюль не выйдзе, бо такія умовы тут створаць. А калі чалавек вінаваты, дык з цябе адбіўную зробяць.

Адразу пасля сустрэчы, Мікалай Бяльчук з бацькам Іванам накіраваліся ў бальніцу, каб прайсці медагляд і пачаць працэс выхаду з галадоўкі. Сваякі запэўнілі, што будуць абскарджваць прысуд. Па такім самым артыкуле зараз, у тым жа СІЗА, знаходзіцца і ягоны брат Аляксандр Бяльчук.

Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя