Фонд „Справядлівасць для журналістаў” заклікаў падтрымаць беларускіх журналістаў



 Фонд „Справядлівасць для журналістаў” і яго партнёры па маніторынгу атак на медыяработнікаў на постсавецкай прасторы заклікалі міжнародныя арганізацыі і ўрады ўсіх краін „прыкласці максімальныя намаганні для найхутчэйшага вызвалення ўсіх арыштаваных журналістаў і дамагчыся спынення варварскіх парушэнняў іх правоў у зняволенні”. Адпаведная заява размешчаная на сайце арганізацыі.

Паводле звестак экспертаў фонду, сёння чакаюць суда або ўжо прыгавораныя да пазбаўлення волі на працяглыя тэрміны не менш за 84 медыяработнікі з Беларусі, Азербайджана, Крыма, Расеі, Туркменістана і Узбекістана.

„Такія дзеянні дзяржаў з’яўляюцца недэмакратычнымі і парушаюць адразу дзве фундаментальныя свабоды чалавека — права на свабоду (артыкул 3 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека) і права на справядлівыя і спрыяльныя ўмовы працы (артыкул 23 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека)”, — гаворыцца ў заяве фонду.

Паводле звестак Беларускай асацыяцыі журналістаў, у Беларусі цяпер у зняволенні знаходзяцца 33 медыяработнікі.

2 чэрвеня фонд „Справядлівасць для журналістаў” апублікаваў даклад аб нападах на беларускіх медыяработнікаў у 2020 годзе. У ім адзначаецца, што колькасць атак на журналістаў, блогераў і супрацоўнікаў СМІ ў Беларусі ў 2020 годзе амаль у паўтара разу перавысіла сумарную колькасць атак за 2017—2019 гады — 1.558 супраць 1.079. Пры гэтым у 1.385 зафіксаваных інцыдэнтах выкарыстоўваліся юрыдычныя або эканамічныя механізмы націску. У 96% выпадкаў атакі супраць журналістаў зыходзілі ад прадстаўнікоў улады (1.506 інцыдэнтаў). Больш за 30 журналістаў былі дэпартаваныя з Беларусі з забаронай на ўезд на тэрмін ад пяці да дзесяці гадоў, уключаючы як мінімум 19 журналістаў замежных СМІ.

Фонд „Справядлівасць для журналістаў” — зарэгістраваная ў Лондане некамерцыйная арганізацыя, заснаваная ў жніўні 2018 года Міхаілам Хадаркоўскім і Леанідам Неўзліным. Фонд выдзяляе гранты на журналісцкія расследаванні гвалтоўных злачынстваў супраць работнікаў СМІ, дапамагае журналістам і блогерам ацэньваць і мінімізаваць прафесійныя рызыкі.

belapan.by