Фота: 25 лютага 1990 года, патрабаванне эфіру для БНФ на тэлебачанні



25 лютага 1990 года ў Менску на плошчы Леніна (цяпер Незалежнасці) адбыўся перадвыбарчы мітынг, які скончыўся патрабаваннем наўпроставага эфіру для БНФ на тэлебачанні. Эфір адбыўся.  

На архіўным сайце http://vytoki.net/?photo=00026800  з’явіліся фота пратэсту 1990 года.

Аўтар фотаздымкаў менскі фатограф з трагічным лёсам Уладзімір Сапагоў (1952-2012),  з архівам якога цяпер працуюць актывісты Цэнтру даследаванняў грамадзянскай супольнасці Беларусі.   

Згадвае Тамара Мацкевіч: На здымках мы ідзем патрабаваць наўпроставай трансляцыі да БТ (на Камуністычную). Дарэчы, трансляцыю далі. Ішлі ад Незалежнасці да Перамогі). Потым стаялі каля тэлебачання. Калі абвесцілі, што даюць эфір, я пабегла дахаты глядзець. Памятаю, што на ўсіх вуліцах, якія папярок праспекту, стаялі БТРы і нейкія вялікія вайсковыя машыны, поўныя салдат. Яны раўлі рухавікамі так, што нічога не было чуваць. Такая псіхічная атака. Мы ім крычалі „Пойдзем з намі!”

Сведчыць Сяргей Навумчык: Гэта быў той самы 100-тысячны мітынг, дзе 1 сакратару ЦК Сакалову крыкнулі – „Шапку здымі!”. Ёсць знакамітае фота яго і Пазняка. Мітынг арганізоўваўся як перадвыбарчы. І толькі ў канцы рушылі да тэлецэнтру. Тады далі эфір Пазняку, Марачкіну (здаецца, Вячорку), потым хвілін 40 паказвалі застаўку, а потым на экранах з’явіліся Дземянцей, хтосьці з ЦК і г.д.

Менавіта той эфір каштаваў Генадзю Бураўкіну пасады старшыні Дзяржтэлерадыё.

Беларускае Радыё Рацыя