Фотакора „Нашага Часу” этапавалі ў Баранавічы



Сёння ранкам мама Яны Трусіла прынесла перадачу на Акрэсціна і даведалася, што дачкі няма ў спісах ні ЦІП, ні ІЧУ.

Яна Трусіла за працай 1 лістапада 2020 года

Аказалася, што Яну, у ліку іншых зняволеных, адправілі ў Баранавічы. У ізалятары Баранавічаў перадачы прымаюць па аўторках.

„Мы, канечне, чакалі такой подласці, — кажа мама Яны, — Але ўсё ж спадзяваліся на лепшае. Калі ўвогуле слова „лепшае” можна ўжыць да сітуацыі, у якой апытнулася Яна”.

Цікава, што ў пастанове суда, акрамя іншага, напісана, што прысуд вынесены „ў выхаваўчых мэтах”. А з якой мэтай 20-гадовую журналістку пазбаўляюць права на перадачу? Не кажучы ўжо пра права свабодна выконваць свае прафесійныя абавязкі.

Нагадаем, фотакор „Новага Часу” Яна Трусіла суддзёй Аленай Жывіца прызнаная вінаватай па арт. 23.4 і адпраўлена за краты на 13 сутак.

Два іншых фотакоры, Дзмітрый Дзмітрыеў (10 сутак) і Аляксандр Зяньковіч (13 сутак) пакуль знаходзяцца ў ЦІП на Акрэсціна.

novychas.by