Front Line Defenders выступіла ў абарону Эніры Браніцкай



 Ірландская праваабарончая арганізацыя Front Line Defenders выступіла з заявай у абарону Эніры Браніцкай, якая знаходзіцца ў статусе сведкі па крымінальнай справе „аб масавых беспарадках”.

Аўтары заявы, апублікаванай на сайце spring96.org, выказваюць глыбокую занепакоенасць уцягваннем Браніцкай у крымінальнае расследаванне і вобшукам у яе доме. Праваабаронцы лічаць, што гэтыя дзеянні выкліканыя выключна яе працай па абароне і прасоўванні правоў чалавека ў Беларусі.

У заяве адзначаецца, што з моманту абвяшчэння вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 года значна ўзрасла колькасць выпадкаў судовага пераследу і рэпрэсій у дачыненні да праваабаронцаў і журналістаў з боку супрацоўнікаў праваахоўных органаў. Front Line Defenders занепакоеная тым, што гэтыя дзеянні „могуць аказаць стрымальны эфект на прасоўванне і абарону правоў чалавека ў Беларусі, а таксама могуць неспрыяльна ўздзейнічаць на стварэнне бяспечнага і спрыяльнага асяроддзя, у якім праваабаронцы могуць выконваць сваю працу”.

Front Line Defenders заклікае ўлады Беларусі неадкладна спыніць расследаванне ў дачыненні да Браніцкай, бо яно выкліканае „выключна яе законнай і мірнай праваабарончай дзейнасцю”, прыняць усе неабходныя меры для забеспячэння фізічнай і псіхалагічнай бяспекі і недатыкальнасці праваабаронцы і вярнуць маёмасць, канфіскаваную ў яе падчас вобшуку.

Арганізацыя таксама заклікае спыніць практыку судовага пераследу праваабаронцаў, якія аказваюць дапамогу, адукацыйную і інфармацыйную падтрымку прадстаўнікам уразлівых груп у Беларусі, гарантаваць, што ўсе праваабаронцы ў Беларусі будуць мець магчымасць ажыццяўляць сваю законную праваабарончую дзейнасць у любых абставінах без абмежаванняў і без страху помсты, у тым ліку без рызыкі судовага пераследу.

Эніра Браніцкая — сябра праваабарончай арганізацыі Human Constanta, дзейнасць якой накіраваная на абарону правоў замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, а таксама на прасоўванне антыдыскрымінацыі і лічбавых правоў і свабод; член назіральнага савета Офіса па правах людзей з інваліднасцю і кансультант Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЕ.

6 красавіка ў Браніцкай правялі вобшук у межах расследавання крымінальнай справы аб масавых беспарадках (артыкул 293 КК). Супрацоўнікі міліцыі паведамілі праваабаронцы, што вобшук праводзіцца ў рамках расследавання ў дачыненні да Міжнароднага камітэта па расследаванні катаванняў у Беларусі. Да гэтага Браніцкая пра такое расследаванне не ведала. На момант вобшуку ў кватэры знаходзіліся праваабаронца і двое яе дзяцей. Падчас вобшуку канфіскавалі грошы, ноўтбук і іншыя працоўныя прылады праваабаронцы, а таксама электронныя прылады дзяцей. Вобшук прайшоў без адваката, бо ў Браніцкай канфіскавалі тэлефон, і яна не магла патэлефанаваць абаронцу.

7 красавіка жанчыну выклікалі ва ўпраўленне Следчага камітэта па Менску для допыту ў якасці сведкі. У цяперашні час Браніцкая знаходзіцца пад падпіскай аб неразгалошванні.

belapan.by