Галіне Смірновай міліцыя вярнула подпісы за адмену дэкрэта «аб дармаедстве»



 Адабраныя подпісы за адмену дэкрэта «аб дармаедстве» ў актывісткі прафсаюза РЭП Галіны Смірновай у Бабруйску вернутыя. Міліцыянты аддалі ёй на трэці дзень пасля канфіскацыі.

Галіна Смірнова накіравала скаргу ў пракуратуру на супрацьзаконныя дзеянні міліцыі. Яна спадзяецца на тое, што далейшаму збору подпісаў за адмену дэкрэта №3 міліцыянты перашкаджаць не будуць. У тым ліку і намеснік начальніка УУС Бабруйска падпалкоўнік міліцыі Андрэй Малахаў, які праводзіў з ёй гутарку

– Аддалі подпісы. Магчыма пракансультаваліся са сваім вышэйшым начальствам, што яны ўсё ж такі не правільна зрабілі і могуць быць праблемы. Плюс яшчэ Малахаў рабіў званкі па тэлефонах, якія былі пазначаныя ў подпісах. Усе з падпісантаў адказалі, што яны паставілі подпіс, і яшчэ дадавалі нейкія свае каментары. Ён сказаў, што нават сам быў здзіўнены такой актыўнасцю людзей.

Нагадаем, Галіна Смірнова была затрыманая міліцыянтамі на дзясяты дзень збору подпісаў за адмену дэкрэта «аб дармаедстве». Інцыдэнт адбыўся пасля сустрэчы жанчыны з дэпутатам Віталём Уласевічам. Яна папрасіла дэпутата падпісаць зварот з патрабаваннем адмяніць дэкрэт. Ён адмовіўся, а праз некалькі гадзін міліцыя затрымала актывістку і канфіскавала подпісы.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя