Галоўны нарколаг Беларусі прапаноўвае фарбаваць дамы толькі ў пазітыўныя колеры



Гарадское асяроддзе само па сабе агрэсіўнае для чалавека, бо не натуральнае ягонай біялогіі, зазначыў галоўны нарколаг Міністэрства аховы здароўя Іван Канаразаў на прэс-канферэнцыі ў Менску. Гучны шум, вібрацыі, пыл, высокі тэмп жыцця і прыняцця рашэнняў павялічвае верагоднасць псіхічных захворванняў і адхіленняў у жыхароў гарадоў. Шэры колер будынкаў толькі павялічвае рызыку, сказаў спецыяліст.

– Ёсць такія моманты, які патрабуюць прыняцца рашэння ад мясцовых уладаў. Я маю на ўвазе, што не павінна быць шэрых будынкаў. Будынкі павінны мець нейкую пазітыўную афарбоўку. Гэтая шэрасць негатыўна ўплывае. То бок, чалавек, які штодзённа бачыць гэтыя шэрыя будынкі, гэтыя аднолькавыя скрыні-дамы, з аднастайнымі акенцамі, – гэта ўсё негатыўна адбіваецца на нашым ўспрыманні навакольнага свету.

Што да прафілактыкі псіхічных захворванняў, то яна простая і танная, зазначыў Іван Канаразаў. Галоўнае, як мага часцей выбірацца на прыроду, лецішча ці да сваякоў на вёску, больш нагружаць сябе фізічна – катацца на ровары, лыжах, роліках, проста гуляць пешкі.

Беларускае Радыё Рацыя