Гамафобія – гэта нянавісць?



Не аправяргайце нашага госпада Бога, між іншым такі аргумент гучыць супраць геяў з вуснаў рэдактаркі дзяржаўнай газеты. Адкуль у беларускім грамадстве нянавісць? У Беларусі ўсе кажуць пра талерантнасць, але не кожны ведае, як яна працуе. Дык чаму дзейнічае дэмакратыя: «толькі для сваіх»? Адказы на гэтыя пытанні шукае праект “Месца для прэсы”.

грынеўскі сайт 1

 

 Адкуль бярэцца міф пра беларускую талерантнасць? Адказвае на пытанне сацыёлаг Віялета Ермакова:

— Пра гэта кажуць 2 бакі. Адзін — гэта афіцыйныя ўлады, якія заўсёды кажуць, што беларусы талерантныя, у тым сэнсе, што яны ніколі не пойдуць на плошчу і ўсім будуць задаволеныя. Гэта людзі спакойныя, якія будуць сядзець у хаце. Вось у такім сэнсе яны кажуць пра талерантнасць.

Калі мы звернемся да другога погляду, які гучыць ад беларускай апазіцыі, яны таксама кажуць, што беларусы талерантныя і даволі шмат кажуць. Але ў якім сэнсе? Гэта выказванні пра тое, што талерантнасць — адна з еўрапейскіх каштоўнасцяў. Глядзіце, кажуць яны, беларусы талерантныя і гэта значыць, што беларусы — таксама еўрапейская нацыя, што мы належым да гэтай культуры. І таму, мы павінны быць з Еўропай, а не з Расеяй.

«Дыскусія пра талерантнасць выходзіць у іншую плоскасць —палітычную, але за сабой не нясе той асноўны прынцып» — працягвае Віялета Ермакова:

— Яны маюць на ўвазе палітычную талерантнасць, рэлігійную талерантнасць, але палітычныя мэты, з якімі выкарыстоўваецца гэты дыскурс, і мэты, дзеля якіх яны звяртаюцца да пытання талерантнасці, не маюць ніякага дачынення да сапраўднай талерантнасці, да вырашэння рэлігійных, этнічных пытанняў, ці пытанняў, звязаных з рухам ЛГБТ.

 

Нармальная сям’я, як аснова

Пасля смерці гея Міхаіла Пішчэўскага ў беларускім грамадстве актывізавалася дыскусія на тэму талерантнасці. Прыгадаем гісторыю. Летась, менчук Міхаіл Пішчэўскі трапіў у шпіталь у стане комы пасля ўдару, нанесенага яму былым настаўнікам фізкультуры, Дзмітрыем Лукашэвічам.

pishcheuski-c1hb9

Гэта адбылося на выхадзе з клуба, дзе праходзіла гей-вечарына. Прычына — гомасексуальнасць Пішчэўскага. Суд гэтых акалічнасцяў не ўлічыў і прысудзіў Лукашэвічу 2 гады і 8 месяцаў зняволення, але ён выйшаў па амністыі праз 11 месяцаў. 27 кастрычніка стала вядома, што Міхаіл Пішчэўскі памёр.

Сустаршыня БХД Павел Севярынец просіць не называць беларусаў гамафобамі ды не разумее ўвагі да выпадку са збіццём гея на глебе нянавісці. Маўляў, у беларускім грамадстве і так шмат іншых праблемаў. Сацыёлаг Віялета Ермакова з Паўлам Севярынцам нязгодная:

Чым больш мы будзем размаўляць пра ЛГБТ і пра ўсе гэтыя праблемы, тым хутчэй стане зразумела, што гэтыя людзі такія ж, як усе астатнія. І гэтая дыскусія — карысная. Яна перасоўвае акцэнты, змяняе меркаванні. Чым больш будзе такіх абмеркаванняў, тым больш будзе развагі і прыняцця. Не адразу, але з часам. Чым больш будзе публічных «боек» на гэту тэму, тым хутчэй мы дойдзем да таго часу, калі гэтыя бойкі стануць непатрэбнымі.

Паводле сацыёлага, калі Севярынец хоча, каб сапраўды ЛГБТ ніколі не былі прызнаныя ў Беларусі, ён усё робіць слушна. Ён кажа: у нас ёсць іншыя пытанні і праблемы і давайце мы не будзем гаварыць на гэтую тэму. Такая стратэгія замоўчвання спрыяе таму, што гэтая праблема будзе яшчэ вельмі доўга існаваць.

«Дамінуючая тэма, проста дамінуючая» — кажа сустаршыня Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Павел Севярынец пра дыскусію, якая разгарнулася ў СМІ пасля смерці Міхаіла Пішчэўскага:

Штодня ў Беларусі ажыццяўляюцца сотні забойстваў ненароджаных дзяцей, не менш жахлівае забойства, але тэмы №1 — аборты, на нейкім іншым нацыянальнага ўзроўню беларускім СМІ мы, на жаль, не бачым. Разам з тым, смерць спадара Пішчэўскага — вялікая трагедыя. Бог любіць кожнага чалавека, незалежна ад ягонай сексуальнай арыентацыі, стану, колеру скуры, розуму, нацыянальнасці і гэтак далей. А некаторыя СМІ з гэтай трагедыі робяць тэндэнцыю і пачынаецца агульнае абвінавачванне беларускага грамадства. На мой погляд, абсалютна штучныя паняцці «гамафобнае грамадства» пачынаюць сцвярджацца і ўбівацца ў галаву, а заканчваецца ўсё гэта тым, што ў беларусаў, як кажуць, іншай праблемы няма, як толькі, так званая, гамафобія. Сам панятак «гамафобія» вельмі спрэчны, уведзены самімі гомасексуалістамі. Фобія — гэта калі чалавек баіцца чагосьці, а тут, наадварот, нянавісць. А гэта іншая рэч і гэта трэба называць па-іншаму: нянавісць да гомасексуалістаў.

РР: Я вас адразу папраўлю: вы гаворыце гомасексуалісты, але людзі не гамафобы гавораць гомасексуалы. Мы ж не гаворым «гетэрасэксуалісты», мы кажам «гэтэрасексуалы». Гэты канчатак паказвае на тое, што вы гаворыце пра хворых людзей, але яшчэ ў 90-я гады Сусветная арганізацыя аховы здароўя….

Павел Севярынец: Нават не працягвайце. Гэта доўгая гісторыя і я, напрыклад, лічу што чалавек мае права быць такім, які ён ёсць і што, прыкладам, грэх сужэнскай здрады не менш страшны за грэх гомасексуалізму. Для Госпада гэта грэх і ў адным і ў другім выпадку. Гэта так, і нішто гэтага не зменіць. Але, чамусьці цяпер гэта навязваецца як норма. І не проста норма, але гэта яшчэ і павінна быць агульнапрынята, і слова супраць гэтага не скажы.

^1332FC5F1255E0690EF61AB8E9CA0ADA4EE0468496CC860CC5^pimgpsh_fullsize_distr

Дыскусію: Севярынец-Саламаціна слухайце цалкам, без купюр, у гукавым файле:

Расповеды пра тое, што «гамафобы» абароняць традыцыйную сям’ю не больш чым дэмагогія – кажа кіраўніца праекту «Гендарны маршрут» Ірына Саламаціна. Што такое традыцыйная сям’я? – пытаецца Ірына Саламаціна.

Сёння вельмі розныя сем’і. Што тут маецца на ўвазе? Якая сям’я, якая мараль?

РР: Адназначна гучыць так «маральная сям’я — мужчына і жанчына»…

— Гэта вельмі праблематычны панятак. А калі маці адна выхоўвае дзіця? Гэта нармальная сям’я? А калі мужчына адзін выхоўвае дзіця? Ці гэта таксама можна лічыць нармальнай сям’ёй? Сёння вельмі розныя сем’і. І прывязваць сям’ю толькі да мадэлі: мужчына і жанчына, гэта значыць ігнараваць кантэкст, у якім мы сёння жывем.

 

Не аправяргайце нашага госпада Бога.

Таццяна Караткевіч, былая кандыдатка на пасаду прэзідэнта напісала ў сваім Фэйсбуку, што Пішчэўскага забіла нецярпімасць у грамадстве. Пра нянавісць беларускага грамадства да геяў кажа і рэдактарка газеты “Вечерний Могилев” Надзея Леўчанка. Менавіта гэта выданне апошнім часам адзначылася тым, што друкуе гамафобскія тэксты.

leucanka

 

У нашым грамадстве і праўда існуе нецярпімасць да такой з’явы, – кажа Надзея Леўчанка, – у людзей хрысціянскага веравызнання таксама ёсць нецярпімасць да такой з’явы, і я гэта падтрымліваю”.

РР: Падтрымліваеце гэтую нецярпімасць?

 — Канешне. Такой з’яве не месца ў нашым грамадстве.

РР: А чаму? Мне здаецца, што кожны чалавек…

— Я праваслаўная, а гэта — вялікі грэх. Тут нават няма чаго абмяркоўваць. Мы што, будзем Бога абвяргаць?

РР: А вашы артыкулы не правакуюць нецярпімасці ў грамадстве?

— Не. Нашы артыкулы не правакуюць.

РР: А вы не думалі пра тое, каб па-іншаму паглядзець на гэтую тэму?

— Я не магу глядзець на гэтую тэму па-іншаму. Гэта — грэх, і я не буду аправяргаць Госпада Бога. Чытайце нашу Біблію. Калі вы аніякага веравызнання не вызнаеце, гэта ваша права.

РР: А што напісана ў Бібліі?

— Ну пачытайце.

Хацелася пачуць больш аргументаў, але склалася ўражанне, што і Надзея Леўчанка іх не мае.

«Іх жа бачна. Яны па Магілеву ідуць і абдымаюцца».  Рэдактар выдання “Вечерний Могилёв” Надзея Леўчанка пра геяў, а таксама каментарый Ірыны Саламацінай слухайце ў далучаным файле.

А вось паводле сацыёлага Віялеты Ермаковай, грамадству для рэлігійнай дыскусіі патрэбна больш часу:

— Неабавязкова пераконваць чалавека», бо калі ён рэлігійны і з ягонага гледзішча — гэта грэх, дык як ты яго пераканаеш за некалькі хвілінаў? Па-першае, гэта немагчыма, а па-другое, там надта складаныя рэлігійныя, філасофскія пытанні, якія немагчыма хутка вырашыць. Гэта дыскусія якая патрабуе шмат часу, часу культуры: некалькі стагоддзяў пройдзе пакуль гэта будзе перагледжана ў рэлігійных догматах. Падчас размовы з чалавекам можна заўважыць, што тое, што ён цяпер кажа — гэта належыць да гамафобнай рыторыкі. Гэта можа быць найлепшым крокам, які можна зрабіць у пэўных сітуацыях. Ёсць таксама іншыя стратэгіі. Можна проста распавядаць пра людзей: як яны жывуць, якія яны паспяховыя, як цікава яны робяць штосьці, звязанае з іх прафесіяй ці сям’ёй, але пры гэтым проста заўважыць, што, напрыклад, у гэтага хлопца ёсць яшчэ хлопец, ці ў гэтай дзяўчынкі ёсць яшчэ дзяўчынка. Не рабіць на гэтым акцэнт увогуле. Калі гэта з’яўляецца ў журналісцкім матэрыяле, дык проста, як частка жыцця чалавека: цікавага чалавека, які шмат карыснага робіць для грамадства.

 

 Дэмакратыя для сваіх і беларуская культура гвалту

«Мяне не здзіўляе каментар Паўла Севярынца» — далучаецца да размовы Таццяна Равяка з праваабарончага цэнтру «Вясна»:

Мяне не здзіўлялі, але хутчэй абуралі таксама дзеянні некаторых прадстаўнікоў грамадства, якія пазыцыянуюць сябе, як дэмакратычных. Я магу ўзгадаць выпадак, калі на адным з Чарнобыльскіх шляхоў прадстаўнікі Маладога Фронту білі прадстаўнікоў ЛГБТ і дзякуй Богу, што тая бойка скончылася не так трагічна, як гэта адбылося з Міхаілам Пішчэўскім, але выпадак вельмі паказальны. Гэта такая, выбіральная дэмакратыя: дэмакратыя ля сябе, для тых, чые ты падзяляеш прынцыпы, думкі, меркаванні, але гэтая «дэмакратыя» не распаўсюджваецца на тых, хто мае іншае меркаванне і іншы лад жыцця.

F1108362-42A4-4E17-9CA2-A5CF0C3156E9_cx0_cy0_cw91_mw1024_s_n_r1

Паводле Тацяны Равякі, гэта вельмі небяспечная тэндэнцыя, а сітуацыя з Міхаілам Пішчэўскім, праясніла, як людзі ўспрымаюць плюралізм іншых.

— Як яны, у выпадку прыходу да ўлады, могуць таксама пазыцыянаваць сваю палітыку ў дачыненні да розных сацыяльных і іншых груп і меншасцяў. Я думаю, што гэта таксама яшчэ будзе прадметам да абмеркавання і можа тыя каштоўнасці, за якія сёння той жа Павел Севярынец, безумоўна, і ахвяраваў частку свайго жыцця, я, напрыклад, не змагу падзяліць, бо не змагу падзяліць ягонае такое стаўленне. Хоць, я думаю, калі б чалавек быў фактычна забіты ці збіты за сваю веру, дык Павел Севярынец першым б лямантаваў і казаў бы, што недапушчальна, каб за веру, ці па нейкая іншай прыкмеце. Я лічу, што нам трэба агульнае разуменне, што любая іншасць і знішчэнне любой іншасці, у тым ліку і фізічнае, яно проста непрымальнае для дэмакратычнага грамадства.

РР: Выходзіць гэта — дэмакратыя і плюралізм для сябе.

Таццяна Равяка: Так, для сваіх. На жаль.

РР: Давайце сфармулюем меркаванне: можна геяў біць? Ня варта геяў біць?

Таццяна Равяка: Увогуле біць нікога не трэба. Калі ў вас ёсць нейкія разыходжанні ці нейкае непрыманне, вы можаце проста адысці ў бок. Калі вы хочаце нешта высветліць, вы можаце проста пагаварыць з чалавекам, і тады зрабіць выснову: кепскі гэты чалавек, ці добры. Ацэньваць чалавека не па нацыянальнай, рэлігійнай, сексуальнай прыкмеце, а па тым, які ён чалавек. І ўвогуле, ставіцца да людзей, як да людзей: як да кожнага асобнага чалавека, а не, як да прадстаўніка той ці іншай супольнасці. Гэтаму трэба вучыцца і трэба разумець, што вакол нас вельмі шмат вельмі розных людзей і нам жыць у гэтым грамадстве і шукаць шляхі ўзаемаразумення і ўзаемнай павагі.

Пра гэтыя асноўныя прынцыпы таксама казалі палітык Павел Севярынец, сацыёлаг Віялета Ермакова даследчыца Ірына Саламаціна.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя.

  • Anonim

    Ну калі для чалавека гомасексуалізм — гэта грэх, то вось адразу і есць адказ на пытанне, добры чалавек ці кепскі

    • http://facebook.com/profile.php?id=100005773505441 Aleksa Viktaravich Klimenka

      Цалкам верна. Добры чалавек ніколі ня стане асуджаць іншых за тое, што прырода стварыла іх інакшымі, калі гэтая інакшасьць нікому не перашкаджае.

  • Anonim

    слова ж такое прыдумалі, тыя, хто не талеруе паводзіны садамітаў называюцца гамафобамі

  • http://facebook.com/profile.php?id=100005773505441 Aleksa Viktaravich Klimenka

    Гомасэксафобія – гэта глупства і неадукаванасьць, якія ўзводзіцца ў ранг „пазыцыі”.

Комментарии для сайта Cackle