Гамельчука будуць судзіць за „сімвал, які не з’яўляецца атрыбутам улады”



Падчас акцый пратэсту Георгій Васіленка 16 жніўня спусціў з флагштока дзяржсцяг і падняў, як піша следчы, „сімвал, які не з’яўляецца атрыбутам улады”. За гэта на яго завялі крымінальную справу і будуць судзіць. Слуханні пачнуцца 17 лістапада ў 10.00 у судзе Цэнтральнага раёна Гомеля (суддзя Віктар Козачак).

24-х гадовага гамяльчука абвінавачваюць у злосным хуліганстве паводле ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэкса. Абараняць яго ў судзе будзе адвакат Сяргей Красноў.

„Выказваючы сваю ўсёдазволенасць і выключны цынізм, супрацьпастаўляючы сваю асобу інтарэсам грамадства і дзяржавы Р. Васіленка, на цэнтральнай плошчы Гомеля, прызначанай для святкавання дзяржаўных святаў, у прысутнасці вялікай колькасці грамадзян здзейсніў злоснае хуліганства”, — напісаў у пастанове маёр юстыцыі А. Салаўёў.

“Я цалкам прызнаў факт свайго ўдзелу ў замене зялёнага сцяга на бел-чырвона-белы сцяг і не шкадую аб зробленым. Я гатовы за гэта несці адказнасць!”, — заявіў Георгій на прыёме ў праваабаронцы Леаніда Судаленкі.

Леанід Судаленка адзначыў, што абвінавачаны раней не судзімы, даглядае хворага бацьку, характарызуецца станоўча, дзеянняў сваіх не адмаўляе, такім чынам, можа разлічваць на пакаранне, не звязанае з пазбаўленнем волі.

Праваабаронца дадаў, што хуліганства, здзейсненае групай асоб трактуецца як злоснае, і караецца арыштам, або абмежаваннем волі да 3-х гадоў, або пазбаўленнем волі ад 1 года да 6 гадоў.

gomelspring.org