Гамяльчанка: Я гатова выконваць усе патрабаванні, але пра іх трэба паведаміць
Гамяльчанцы Наталлі Журбіной, якая вось ужо 25 год даглядае цяжка хворую дачку Дар’ю, пагражаюць пазбаўленнем апякунства. Органы сацыяльнай апекі патрабуюць ад жанчыны фінансавай справаздачы і праходжання медычнага агляду. Прычым, як звяртае ўвагу жанчына, у лісце ад сацыяльных службаў, які яна атрымала ў пачатку чэрвеня, пазначана, што фінансавая справаздача павінна быць прадастаўленая “заднім чыслом” да 1 лютага 2019 года. Наталля Журбіна звяртае ўвагу на нядбайнасць і чэрствасць чыноўнікаў сацыяльнай апекі.
– Я разумею, ёсць заканадаўчыя моманты, якія я павінна выконваць. Я гатова іх выконваць. Я гатова рабіць справаздачу за гэтыя жабрацкія сродкі. Гэта два чэкі ў краму. Два разы ў месяц – два чэкі ў краму. І гэта ўся пенсія маёй дачкі. Мне абсалютна не цяжка было б гэтыя чэкі сабраць і перадаць. Калі б мяне папярэдзілі аб маіх абавязках. Навошта тэрарызаваць тых людзей, дзе нармальныя ўмовы.
Дачка Наталлі Журбіной Дар’я практычна ад нараджэння мае інваліднасць. Насуперак прагнозам лекараў, якія не давалі дзяўчынцы шансаў на жыццё, дзяўчына, дзякуючы намаганням маці, дасягнула 25-гадовага ўзросту. На гэты момант у яе пацверджаныя тры дыягназы: ДЦП, сутаргавы сіндром і геміплеглія ІІІ ступені. Спецыфіка і цячэнне хвароб вымагаюць лячэння, якое могуць аказаць толькі замежныя лекары.
Беларускае Радыё Рацыя
