Гамяльчанка, якая замовіла забойства, прыгавораная да 11 гадоў



У Гомельскім абласным судзе 3 траўня абвешчаны прысуд па крымінальнай справе жыхаркі Гомеля, якая замовіла забойства былой жонкі свайго мужа, а таксама іх 11-гадовай дачкі.

Суд прызнаў жанчыну вінаватай і прыгаварыў да 11 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі агульнага рэжыму і з кампенсацыяй маральнай шкоды пацярпелай у 3 тыс. рублёў.

У сваім апошнім слове жанчына не прызнала віну. Яна заявіла, што яе агаварылі пацярпелыя ў карыслівых мэтах, каб завалодаць кватэрай. Яна абвінаваціла свякроў у тым, што тая не дапамагла ёй наладзіць адносіны з мужам, а таксама іншых сваякоў, што тыя „не дапамаглі ёй у цяжкай жыццёвай сітуацыі”.

Як раней паведамляў БелаПАН, ролю кілера абвінавачаная прапанавала свайму былому мужу. Ён пагадзіўся, але паведаміў аб падрыхтоўцы злачынства ў міліцыю. Абвінавачаная была кумой пацярпелай.

Былы муж абвінавачанай быў вінен больш за 2,7 тыс. рублёў аліментаў. Абвінавачаная абяцала, што ў выпадку забойства даруе яму аліменты і забярэ выканаўчы ліст. Як толькі былы муж паведаміў ёй, што забіў саперніцу і яе дачку, жанчына патэлефанавала судоваму выканаўцу і папрасіла адклікаць выканаўчы ліст па аліментах. На той момант яна не ведала, што забойства было інсцэніроўкай і за тым, што адбываецца, сочаць праваахоўныя органы.

У абвінавачанай двое дзяцей. На момант падрыхтоўкі забойства яна была цяжарная. Дзіця, якое нарадзілася незадоўга да арышту, цяпер выхоўвае яе муж. Старэйшага выхоўвае былы муж.

Дзяржаўнае абвінавачанне прасіла суд пакараць жанчыну пазбаўленнем волі на 12 гадоў.

belapan.by