Гамяльчук Валерый Сляпухін адбыў 10 сутак



10 сутак арышту адбыў гамяльчук Валерый Сляпухін за тое, што 14 ліпеня выйшаў у цэнтр горада.

У гэты момант там праходзіла акцыя салідарнасці з палітвязнямі. Актывіста, паводле сведчанняў відавочцаў, мэтаскіравана затрымалі байцы АМАП. А потым яго цішком, без прысутнасці сведак, пакаралі арыштам. Валер Сляпухін мяркуе, што ягонае затрыманне было абумоўленае ягонай грамадскай актыўнасцю:

– За што судзілі? Мне падаецца, што ў першую чаргу судзілі за тое, што я вырашыў падаць заяву ў пракуратуру на незаконныя дзеянні Ярмошынай, Цэнтральнай выбарчай камісіі і тэрытарыяльных камісій. Я лічу, што была проста такая рэакцыя ў адказ на маё такое самаўпраўства, я лічу, што гэта першапрычына была. Тое, што судзілі, проста вырашылі ўзяць усіх схапіць і даць кожнаму па-трохі адпачыць на сутках. Адпачыў, задаволены, шчаслівы, так што ўсё выдатна.

Валерый Сляпухін заўважае, што стаўленне да яго з боку міліцыянтаў і ахоўнікаў у ізалятары было нармальнае. За час зняволення ён прачытаў дзве кнігі, у тым ліку зборнік апавяданняў Уладзіміра Караткевіча і мемуары беларускага дыпламата часоў БССР Кузьмы Кісялёва.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель