Ганна Канавалава: Усё залежыць ад нашага беларускага народа



Цяжка ўладкоўвацца ў чужой краіне з унукамі, калі тваіх дачку з зяцем беларускі рэжым пасадзіў у турму.

 

Пра жыццё у эміграцыі, а таксама пра зняволеных дзяцей Ганна Васілевіч пагаварыла з Госцяй Радыё Рацыя Ганнай Канавалавай:

РР: Раскажыце пра сябе.

Ганна Канавалава: Я мама Канавалавай Антаніны, і я цёшча Ерашэвіча Сяргея, якія прызнаныя палітвязнямі і амаль год знаходзяцца за кратамі.

РР: Адкуль вы?

Ганна Канавалава: Мы самі з Менску.

РР: Вы працавалі дагэтуль?

Ганна Канавалава: Канешне.

РР: Усё кінулі – кінулі хату, кінулі мужа.

Ганна Канавалава: Канешне, усё засталося там – дзеці, муж. Сям’ю нашу раздзялілі на тры часткі. Хтосьці за кратамі. Хтосьці тут у Варшаве. У Менску застаўся муж.

РР: Хто вам дапамагае тут?

Ганна Канавалава: Ведаеце, у маім узросце ўсё складана. Дапамагаюць простыя беларусы, якія прасякнуліся нашай гісторыяй, якія хвалююцца за дзяцей, пра іх будучыню. Я не працую, таму што мала вольнага часу. З 1 верасня Ваня ідзе ў школу. Далей я не ведаю, як там будзе. Усё хістка.

РР: Але вам здымаюць кватэру?

Ганна Канавалава: Нам здымаюць кватэру. Гэта ўсё неабыякавыя беларусы. Нам яшчэ дапамагае Фонд Humanosh. Ён такі нібыта незаўважны, нібыта яго няма, але калі складана, ён ёсць. Нам дапамагаюць дзяўчаты-беларускі, яны называюць сябе партызанкамі. Я іх усіх вельмі цаню, яны дапамаглі мне ў вельмі складаны час.

РР: Чаму так узяліся за вашу дачку і зяця?

Ганна Канавалава: Я не ведаю. Яны ўзяліся не толькі за маю дачку і за майго зяця, яны ўзяліся за ўвесь наш беларускі народ. У нас у Беларусі зараз сапраўдны фашызм, дзе пакутуюць людзі, якія хацелі перамен.

РР: Не ўсіх жа пасадзілі, а вось вашую дачку з зяцям пасадзілі.

Ганна Канавалава: Я не магу адказаць на гэтае пытанне. Мая дочка і зяць хацелі перамен. І думалі крыху інакш, чым думаюць тыя, хто кіруе краінай.

РР: Хадзілі на акцыі?

Ганна Канавалава: Канешне. Што мая дачка, што мой зяць мы падтрымлівалі рух «Краіна для жыцця». Мая дачка атрымала свае першыя 23.34 яшчэ летась у красавіку, калі яна была з Сяргеем Ціханоўскім. Яна збірала подпісы, яна была каардынатарам па Менскай вобласці, яна была ў штабе Святланы Ціханоўскай.

РР: Колькі ім прысудзілі?

Ганна Канавалава: Па пяць з паловай гадоў.

РР: Як вы лічыце, ці прыйдзецца вашай дачцэ і вашаму зяцю адсядзець па пяць з паловай гадоў?

Ганна Канавалава: Я не ведаю адказу на гэтае пытанне. Я думаю, усё залежыць ад нашага беларускага народа.

Цалкам размова:

З госцяй Радыё Рацыя Ганнай Канавалавай размаўляла Ганна Васілевіч.