Ганна Канюс: Грамадства ідзе да салідарнасці



Як доўга пратэсты будуць яшчэ трываць у мірным фармаце? Якія тэмы становяцца нумарам адзін на акцыях, якія лозунгі самыя папулярныя? Што можа вывесці людзей на вуліцы?

Адказы на гэтыя пытанні шукаем з „Госцем Рацыі”, старшынёй Берасцейскай гарадской арганізацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ганнай Канюс:

РР: Як вы ацэньваеце апошнія падзеі?

– Можна сказаць, што ў Берасці за апошнія два тыдні ўсё роўна выходзяць людзі, арганізоўваюцца таварыствы ў дамах. Гэта рост грамадзянскай актыўнасці, ён вельмі добра спрыяе шляху да дэмакратыі і шляху грамадскасці, якая можа сама вырашаць праблемы, бараніць выбары і зрабіць адпаведны выбар на наступных выбарах, якія магчыма будуць у нас.

РР: На якім этапе зараз пратэсты?

– Зацяжны бой, скажам так. Мова ідзе пра тое, што людзі чакаюць, людзі выходзяць і такім мірным пратэстам выказваюць свае думкі. Улада ўсё больш жорстка ставіцца да мірных пратэстоўцаў, да дэманстрантаў і стараюцца гэтыя мірныя спробы затушыць. Можна адзначыць таксама тое, што шмат людзей уключаецца ў гэтыя пратэсты. Яны распаўсюджваюць інфармацыю ці дапамагаюць адзін аднаму. Дзяржаўнае тэлебачанне стварае перадумовы таго, каб больш людзей пабачыла адрозненні паміж тым, што там гавораць і што адбываецца на вуліцах. Яны бачаць, што на вуліцах адэкватныя людзі, якія мірна ходзяць, знаёмяцца ў дварах, разам праводзяць акцыі: экалагічныя ці знаёмствы суседзяў, ці спрабуюць дагрукацца да дэпутатаў рознага ўзроўню. Гэта вельмі добра, што столькі людзей уключанае ў гэты працэс.

РР: Паводле вашых назіранняў, якія лозунгі самыя папулярныя і чаму?

– Цяжка сказаць таму, што ёсць стандартныя лозунгі, якія ішлі з самага пачатку пратэстаў. Нацыянальныя лозунгі: „Жыве Беларусь!”, „Верым, можам, пераможам!”. Трэба адзначыць, што ўсё больш людзей адзначаюць, што яны беларусы, яны ганарацца гістарычнымі сімваламі, вось гэтыя лозунгі пра тое, што трэба выходзіць, што кожны дзень мы выходзім. То бок гэта такі ўзрост драйва і добрага адчування ў гэтым натоўпе, гэтай грамадзе. Грамадства ідзе да салідарнасці, ідзе да салідарызацыі ва ўсіх напрамках. Гэта будзе і на вуліцы, гэта будзе і на працы. Гэта вельмі добра, бо гэта і будзе спрыяць развіццю грамадзянскай супольнасці.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Ганна Канюс не выключае, што калі ўлада не пачне сапраўдны дыялог, а будзе працягваць яго імітацыю, то на гэтым у хуткім часе скончацца мірныя пратэсты. Людзі проста не могуць доўгі час стрымліваць боль і глядзець на гвалт у адносінах да сваіх блізкіх.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце